|    Менскі суд не знайшоў падставаў для зьмяншэньня 
              тэрміну пакараньня Зьмітру Дашкевічу. Яго трымаюць пад вартай ад 
              15 верасьня. 1 лістапада суд Кастрычніцкага раёну Менску пакараў 
              лідэра «Маладога фронту» зьняволеньнем на паўтара году за ўдзел 
              у незарэгістраванай арганізацыі. 
             Вэрдыкту Менскага суду на вуліцы чакалі каля двух дзясяткаў актывістаў 
              «Маладога фронту» й праваабаронцы. Маладафронтаўцы сталі ланцугом 
              з партрэтамі Зьмітра Дашкевіча. Калі да іх выйшаў бацька Зьмітра 
              й паведаміў, што прысуд пакінулі бязь зьменаў, яны пачалі скандаваць 
              «Ганьба!». Спэцназаўцы патрабавалі спыніць акцыю, але людзі не разышліся. 
              Пастаяўшы некалькі хвілінаў, усе рушылі ў бок мэтро. Бацька Зьмітра 
              Дашкевіча сказаў «Свабодзе»:  
            (Дашкевіч: ) «Вельмі шкадую, што не сказаў ім, што яны зрабілі 
              прысуд сваім дзецям, бо закон бумэрангу няўхільны. Я захацеў паглядзець 
              спачатку ў вочы пракурору. Гаварыла мне спачатку, апусьціўшы вочы. 
              Я ёй кажу: «Паглядзіце мне ў вочы». Праўда, падняла вочы, быццам 
              бы спакойныя, але мне падалося, што нейкія агеньчыкі трывогі бегалі 
              ў яе ў зрэнках. «Палягчала?» — яна мяне спытала. Я гавару: «Палягчала». 
              Тое ж самае сказаў і судзьдзям. Кажу: «Вы лічыце, што вынесьлі правільны 
              прысуд?» А яны: «Ня будзем дэбатаваць».  
            Праваабаронца Людміла Гразнова лічыць, што рашэньне трымаць Зьмітра 
              Дашкевіча за кратамі палітычна матываванае:  
            (Гразнова: ) «Улада вельмі баіцца моладзі, тых, хто гатовы на ўсё. 
              Там ня думаюць у органах бясьпекі, яны па-старому, па-калгаснаму 
              толькі выконваюць загады. Такія прысуды даюць, бо Зьміцер — высокі 
              аўтарытэт. Ён ня толькі вулічны лідэр, але й лідэр усёй моладзі. 
              Яна за ім ідзе».  
            Праваабаронца Валянцін Стэфановіч дадаў:  
            (Стэфановіч: ) «Была ў мяне надзея ў зьвязку з тым, што былі гэтыя 
              прапановы Эўразьвязу, і Гайдукевіча МЗС прызначыў адказным за перамовы. 
              Я думаў, што будуць імітаваць перамоўныя працэсы й пад гэтую марку, 
              можа, нешта зьменіцца. Мы, як і раней, лічым Зьмітра вязьнем сумленьня, 
              а практыку выкарыстаньня артыкулу 193 і наяўнасьць яго ў Крымінальным 
              кодэксе лічым антыканстытуцыйнай і незаконнай».  
            Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца ў карантыннай зоне Шклоўскай папраўчай 
              калёніі. Правілы ўнутранага распарадку калёніі дазваляюць дасылаць 
              палітвязьню грашовыя пераводы, але ня больш за 400 тысяч рублёў. 
              Цягам трох месяцаў ён можа атрымаць харчовыя перадачы — разам 30 
              кіляграмаў і лекі вагой да 2 кіляграмаў. Да канца карантыну спатканьні 
              палітвязьню не дазваляюцца.  
             
            Любоў Лунёва 
              Радыё Свабода 
                       
             |