|    Сёньня ў Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых 
              і палітвязьнямі актывісты моладзевага дэмакратычнага руху ладзілі 
              акцыі ў Менску і рэгіёнах. На вуліцах зьявіліся партрэты апазыцыянэраў, 
              якія адбываюць пакараньні ў турме і на «хіміі» за сваю палітычную 
              дзейнасьць, а таксама расьцяжкі: «Свабоду палітвязьням!» 
             Арганізатары акцыі заклікаюць грамадзянаў Беларусі 16 чысла кожнага 
              месяцу а 8 вечара на 15 хвілінаў выключыць у доме сьвятло і запаліць 
              на вокнах сьвечкі.  
            Акцыі салідарнасьці прайшлі ў Літве, Латвіі, Украіне, Бэльгіі і 
              Эстоніі. Насупраць беларускіх амбасадаў людзі запальвалі сьвечкі 
              і ставілі партрэты палітвязьняў і зьніклых апазыцыйных палітыкаў. 
             
            Студэнты Тартускага ўнівэрсытэту правялі акцыю салідарнасьці са 
              Зьмітром Дашкевічам. Яны раздалі на вуліцах сотні буклетаў з заклікам 
              далучыцца да электроннай пэтыцыі «Міжнароднай Амністыі», якая патрабуе 
              вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў. Мінакам раздалі значкі, 
              на якіх па-эстонску было напісана «Рух за незалежнасьць Беларусі». 
             
              
            Любоў Лунёва 
              Радыё Свабода 
            
                       
             |