|    У панядзелак урад Канады абвясціў аб увядзенні 
              эканамічных санкцый супраць Беларусі, якія датычацца экспарту тавараў 
              у нашую краіну. Як паведамляецца на сайце ўрада, «Канада па-ранейшаму 
              вельмі занепакоеная тым, што Беларусь працягвае ігнараваць заклікі 
              міжнароднай супольнасці ўсталяваць дэмакратыю». 
            Паводле міністра замежных спраў Канады Пітэра Маккея (Peter MacKay), 
              Беларусь «упарціцца ў абуральным парушэнні правоў чалавека і законнасці». 
              «Канада і міжнародная супольнасць павінны аказваць ціск на Беларусь, 
              каб палепшыць умовы жыцця яе людзей», — адзначыў кіраўнік канадскага 
              МЗС. 
            У сваю чаргу міністр міжнароднага гандлю Дэвід Эмерсан (David Emerson) 
              выказаў надзею, што «эканамічны ціск у форме абмежаванняў на экспарт 
              паспрыяе станоўчым зменам у Беларусі». 
            Паводле пастановы ўрада, любая кампанія, якая пажадала адправіць 
              тавар у Беларусь, павінна звярнуцца да ўлад за экспартнай ліцэнзіяй. 
              Рашэнне аб яе выдачы будзе прымацца ў кожным асобным выпадку. Аднак, 
              як адзначаецца ў паведамленні на сайце ўрада Канады, з дазволамі 
              на пастаўкі гуманітарных тавараў, у тым ліку харчавання, вопраткі, 
              лекаў, інфармацыйных матэрыялаў, і на вываз адзінкавых прадметаў, 
              набытых у асабістае карыстанне, «у большасці выпадкаў» цяжкасцяў 
              не будзе. 
             
             
            Хартыя'97  
                       
             |