|    Суд Фрунзенскага раёна пацвердзіў рашэнне нагляднай 
              камісіі пры Фрунзенскім райвыканкаме Менска аб умоўна-датэрміновым 
              вызваленні актывіста кампаніі па назіранні за выбарамі «Партнёрства» 
              Цімафея Дранчука. Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў бацька 
              палітвязня Валерый Дранчук. Па ягоных словах, Цімафей выйдзе на 
              волю, хутчэй за ўсё, 26 снежня. 
            Нагадаем, што Ц.Дранчук і яшчэ тры актывісты «Партнёрства» былі 
              затрыманыя 21 лютага. У жніўні суд Цэнтральнага раёна Менска прызнаў 
              іх вінаватымі па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзейнасці 
              незарэгістраванага грамадскага аб’яднання). Шэраг абвінавачванняў 
              у адрас актывістаў «Партнёрства», якія былі агучаныя высокімі службовымі 
              асобамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў (фальсіфікацыя вынікаў 
              экзіт-полу, падрыхтоўка тэрактаў і інш.), не знайшлі пацверджання 
              ні падчас следстваў, ні ў судзе. У выніку Мікалай Астрэйка быў прысуджаны 
              да двух гадоў пазбаўлення волі, Цімафей Дранчук — да аднаго года 
              пазбаўлення волі, Эніра Браніцкая і Аляксандр Шалайка да шасці месяцаў 
              арышту. Браніцкая і Шалайка выйшлі на волю 21 жніўня. 17 лістапада 
              з калоніі ў Шклове быў вызвалены Мікалай Астрэйка, якому змянілі 
              пакаранне на выпраўленчыя працы. Такім чынам, Ц.Дранчук застаўся 
              адзіным, хто дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні. 
            Варта таксама адзначыць, што Дранчук быў уключаны ў спіс прэтэндэнтаў 
              на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, які разглядаўся камісіяй 30 лістапада, 
              аднак у апошні момант яго выключылі са спісу. 
             
             
              Хартыя'97 
                    
                       
             |