Яшчэ на тры месяцы падоўжанае расьсьледаваньне
справы экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, які зьнік у
траўні 1999 году. Пра гэта праваабаронцу Алегу Волчаку паведамілі
ў пракуратуры Беларусі.
«Справа расьсьледуецца ўжо болей за 6 гадоў, але выніку няма і
я не спадзяюся, што ён зьявіцца пры цяперашняй уладзе», — пракамэнтаваў
навіну Алег Волчак.
Паводле праваабаронцы, незалежнае расьсьледаваньне дае падставы
падазраваць у датычнасьці да гэтага злачынства Зьмітра Паўлічэнкі,
Уладзіміра Навумава, Віктара Шэймана ды іншых асобаў, якія займаюць
кіруючыя пасады ў сілавых структурах Беларусі.
За час расьсьледаваньня сям’я зьніклага палітыка з’ехала ў Нямеччыну,
дзе папрасіла палітычнага прытулку, нагадаў Алег Волчак.
Сьледчы пракуратуры Менска Сяргей Кухаронак, які вядзе справу Юрыя
Захаранкі, ад камэнтару адмовіўся.
Алег Грузьдзіловіч
Радыё Свабода
|