|    Сёньня на волю выйшаў сябра Аб’яднанай грамадзянскай 
              партыі, палітвязень Іван Крук, які адбыў паўгады за кратамі глыбоцкага 
              арыштнага дому. Сустракаць вязня ў Глыбокае прыхаў лідэр дэмакратычных 
              сілаў Аляксандр Мілінкевіч. Але адміністрацыя папраўчай установы 
              зрабіла ўсё каб палітвязня не сустрэлі на волі яго сябры і паплечнікі. 
            Івана Крука павінны былі выпусціць а дзесятай гадзіне раніцы. Каля 
              варотаў арыштнага дому ў мястэчку Глыбокае яго чакалі два дзесяткі 
              паплечнікаў. Дзяжурны арыштнага дому пацвердзіў, што Івана Крука 
              выпусцілі раней прызначанага тэрміну.  
            Апоўдні Іван Крук ужо быў у сваёй хаце ў Астраўцы. Ён расказаў, 
              што на самой справе яго сілай вывезлі з арыштнага дому на дзве гадзіны 
              раней:  
            — Я яшчэ ўчора прасіў начальства, каб выпусцілі мяне ў акладны 
              час. Сёння ў камеру за мной прыйшлі а сёмай раніцы, сказалі: «Збірай 
              рэчы, на выхад». А палове на восьмую мяне на тэрыторыі калоніі пасадзілі 
              сілаю ў машыну і павезлі на вакзал. Яны хацелі мяне сілай пасадзіць 
              ў менскі аўтобус. Я кажу: «Які Менск?! Мне ж у другі бок зусім! 
              Вязіце хоць на глыбоцкае скрыжаванне». Звязаліся з начальствам, 
              начальства дало «дабро». На глыбоцкім скрыжаванні, дзе ідуць дарогі 
              на Менск і на Вільню, прастаялі паўгадзіны. Пасля ізноў сілай запіхваюць 
              у машыну і вязуць на пастаўскае скрыжаванне — гэта 50 кіламетраў 
              далей. Я там гадзіну стаяў. Ехаў знаёмы з Астраўца на машыне — то 
              падкінуў мяне. Я вось толькі цяпер да хаты ўвайшоў. 
            Нагадаем, што падчас сёлетняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі астравецкі 
              актывіст Іван Крук быў абвінавачаны ў супраціве міліцыі . Па прыгаворы 
              суда ён адседзеў паўгады за кратамі глыбоцкага арыштнага дому. 
             
            Хартыя`97 
                       
            
                       
             |