Сяргей Гумінскі асуджаны на трое сутак арышту

12.01.2007

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што моладзевы актывіст з Воршы Сяргей Гумінскі, сёньня, 12 студзеня, аршанскім судом асуджаны на трое сутак арышту. Нагадаем, што некалькі дзён таму ён быў жорстка зьбіты супрацоўнікамі міліцыі за прынцыповае карыстаньне беларускай мовай.

Актывіст зьвярнуўся са скаргаю ў пракуратуру на дзеяньні міліцыі. Сёньня ён зноўку быў выкліканы ў міліцыю, дзе на яго склалі пратакол па артыкулах 156 і 166 Адміністратыўнага кодэксу — «хуліганства» і «непадпарадкаваеньне міліцыянтам».

У знак пратэсту С.Гумінскі абвясьціў галадоўку.

Нагадаем, вечарам 10 студзеня ў Воршы быў затрыманы моладзевы актывіст Сяргей Гумінскі па падозраньні ў датычнасьці да антылукашэнкаўскіх графіці, якія зьявіліся ў горадзе ў ноч з 23 на 24 сьнежня мінулага году.

Допыт у аршанскім ГАУС пачаўся пасьля 21.30 з таго, што сьледчы запатрабаваў ад маладога чалавека, каб ён размаўляў па-руску. Калі Сяргей адмовіўся, міліцыянты пачалі нецэнзурна лаяцца.

Пасьля таго, як моладзевы актывіст па-ранейшаму працягнуў размову па-беларуску, ён атрымаў некалькі ўдараў кулаком у грудзі ад невядомага чалавека ў цывільным, да якога далучыўся капітан Ларыёнаў — яны ўжо разам пачалі зьбіваць Гумінскага. Пасьля зьбіцьця і чарговага патрабаваньня перайсьці на рускую мову, на затрыманага апранулі ягоную куртку і кайданкі паверх яе, каб не было бачна пабояў. Рукі заламалі са словамі «сейчас ты, с..., заговоришь по-русски» і пачалі біць па твары, нырках, грудзях. Адзін з кайданкоў адчапіўся, тады чалавек у цывільным пачаў трымаць Гумінскага і біць па сьпіне, а капітан Ларыёнаў — па твары. З большым імпэтам яны працягнулі зьбіцьцё пасьля таго, як малады чалавек запатрабаваў адваката і перакладчыка.

Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі патрабавалі, каб Гумінскі прызнаўся, што гэта ён нанёс графіці, а адмова падпісаць пратакол з такімі прызнаньнямі зноў скончылася заломваньнем рук і ўдарамі па твары. Допыт скончыўся тым, што Сяргей Гумінскі падпісаў пратакол, у якім было адзначана, што ён ня ведае, хто нанёс графіці.

Пасьля «цеснага кантакту» з супрацоўнікамі праваахоўных органаў моладзевы актывіст накіраваўся ў мясцовую бальніцу. Лекары засьведчылі цялесныя пашкоджаньні, і паколькі было яўна відаць, што Гумінскі зьбіты, выклікалі міліцыю. На выклік прыехаў як раз той капітан міліцыі Ларыёнаў, які і зьбіваў маладога чалаека. Ён быў вымушаны выпісаць накіраваньне Гумінскаму на судмедэксьпертызу.

Па дадзеным факце Сяргей Гумінскі накіраваў скаргі аб ужываньні ў адносінах да яго катаваньняў пракурору і міністру ўнутраных справаў.