|    Так званыя выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 
              адбыліся ўчора ў Беларусі. Канчатковыя вынікі гэтых “выбараў” будуць 
              падведзеныя 18 або 19 студзеня. Аднак ужо сёння зразумела, што прадстаўнікоў 
              апазіцыі ў мясцовых органаў ўлады будзе вельмі мала. “Дэпутатамі” 
              на месцах сталі выключна стаўленікі ўлады, якія ішлі на выбары пад 
              выглядам незалежных дэпутатаў і вялі агітацыйную кампанію з актыўным 
              выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу. Да таго ж галасы выбаршчыкаў 
              падлічвалі таксама “свае людзі” – дэмакратаў ва ўчастковыя выбарчыя 
              камісіі не ўключылі, а міжнародных назіральнікаў Цэнтрвыбаркам не 
              запрасіў. 
            У апошнія дні датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых 
              Саветаў улада актыўна выкарыстоўвала адміністрацыйны рэсурс, сцвярджаюць 
              незалежныя назіральнікі. 9 – 13 студзеня ў датэрміновым галасаванні 
              ўзялі ўдзел 24,9% выбаршчыкаў. Тэмп датэрміновага галасавання вышэйшы 
              за папярэднія мясцовыя выбары і амаль такі ж, як на выбарах прэзідэнта 
              ў 2006 годзе. 
            У прыватнасці, як паведаміў выканаўчы дырэктар грамадскага аб’яднання 
              “Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК) Алег Гулак, 12-13 студзеня 
              ў менскія вну паступіла распараджэнне забяспечыць стоадсоткавую 
              яўку студэнтаў на датэрміновае галасаванне. “Нам пра гэта паведамілі 
              выкладчыкі і куратары універсітэцкіх груп. Гэта значыць, як і на 
              мінулых выбарах, сістэма арыентаваная на датэрміновае галасаванне”, 
              – адзначыў А.Гулак. 
            Акрамя таго, па дадзеных праваабаронцы, выбарчыя камісіі адмовіліся 
              даваць назіральнікам інфармацыю пра датэрміновае галасаванне. “Нам 
              кажуць: тэлефануйце ў Цэнтрвыбаркам, там усё скажуць. Але Цэнтрвыбаркам 
              валодае агульнымі лічбамі, а не пэўнымі дадзенымі па пэўным участку”, 
              – сказаў А.Гулак. 
            Ён таксама адзначыў, што напярэдадні дня выбараў, як і падчас папярэдняй 
              выбарчай кампаніі, незалежныя назіральнікі, кандыдаты ў дэпутаты 
              ад дэмсіл і іх давераныя асобы раптам “пачалі рэзка і цынічна лаяцца 
              мацюком”. “Па гэтым абвінавачванні ўжо затрыманыя некалькіх нашых 
              назіральнікаў", – паведаміў А.Гулак. 
            “Усё залежыць ад таго, як будзе ісці падлік галасоў. Калі, як і 
              ў мінулую кампанію, усе бюлетэні будуць зваленыя ў адну кучу і не 
              будзе весціся паасобнага падліку галасоў па датэрміновым галасаванні 
              і па асноўным дні галасавання, тады можна будзе казаць пра тое, 
              што гэтыя выбары былі сфальсіфікаваныя, не з’яўляліся празрыстымі 
              і свабоднымі”, – падкрэсліў выканаўчы дырэктар БХК. 
            Дзесяткі актывістаў у Менску і рэгіёнах прэвентыўна затрымоўваліся 
              і арыштоўваліся. Сёння ў Менску адбудуцца суды над затрыманымі актывістамі 
              апазіцыі Анастасіяй Александровіч, Алесем Калітой, Андрэем Дзмітрыевым. 
              Арыштаваныя актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Пружан (Берасцейская 
              вобласць) Уладзімір Радзівончык; давераная асоба кандыдата ў дэпутаты 
              абласнога Савета Валерыя Кіселя Андрэй Фамін; давераная асоба кандыдата 
              ў дэпутаты гарадскога Савета Сяргея Антусевіча з Партыі БНФ Максім 
              Губарэвіч; актывіст партыі БНФ з Барысава Сяргей Салаш; праваабаронца, 
              сябар Беларускага Хельсінкскага Камітэта з Віцебска Павал Левінаў; 
              моладзевы актывіст з Воршы Сяргей Гумінскі; кандыдаты ў дэпутаты 
              Пінскага гарадскога Савета Аляксандр Васільеў і Аляксандр Рамановіч. 
              Апазіцыянераў абвінавацілі ў хуліганстве. Сведкамі на судзе выступалі 
              міліцыянты. 
            Назіральнікі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі 
              Хельсінкскі камітэт” (БХК) зафіксавалі парушэнні на мясцовых выбарах. 
              Праваабаронцы адмовіліся прызнаць гэтыя выбары празрыстымі і справядлівымі. 
              Сёння Беларускі Хельсінкскі Камітэт апублікуе папярэднюю справаздачу 
              па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы. 
              
            Хартыя`97 
                       
            
                       
             |