|    Сёньня праваабарончая арганізацыя Freedom House 
              апублікавала гадавую справаздачу пра стан палітычных і грамадзянскіх 
              свабодаў у сьвеце. Беларусь па-ранейшаму мае статус несвабоднай 
              краіны і ўваходзіць у дзесятку краінаў сьвету, блізкіх да найгоршага 
              стану грамадзянскіх свабодаў і палітычных правоў. 
             Паводле справаздачы «Свабода ў сьвеце 2007», колькасьць свабодных 
              краінаў у сьвеце застаецца амаль нязьменнай ад 1998 году. Справаздача 
              грунтуецца на дасьледаваньні сытуацыі ў краінах сьвету ў 2006 годзе. 
              Джэніфэр Уінздар (Jennifer Windsor), выканаўчы дырэктар арганізацыі 
              Freedom House, адзначае, што «цягам апошняга дзесяцігодзьдзя павялічваецца 
              працэс стагнацыі свабоды», паколькі стан свабоды пагоршыўся ў 33 
              краінах, і толькі ў 18 краінах — палепшыўся.  
            Праваабарончая арганізацыя Freedom House рыхтуе штогадовыя справаздачы 
              пра стан свабоды ў сьвеце ад 1972 году. Усе краіны сьвету дзеляцца 
              на тры катэгорыі — свабодныя, часткова свабодныя і несвабодныя. 
             
            Кожная краіна таксама асобна ацэньваецца ў сфэры палітычных правоў 
              і грамадзянскіх свабодаў, паводле шкалы ад 1 да 7 балаў, дзе 1 бал 
              азначае найбольшы узровень свабодаў, 7 — найгоршы. Беларусь вызначаецца, 
              як і летась, як цалкам несвабодная краіна, з найгоршым балам, які 
              ацэньвае узровень палітычных правоў. Узровень грамадзянскіх свабодаў 
              ацэнены на 6 балаў — перадапошні перад найгоршым з ўсіх балаў.  
            Паводле Freedom House, існуе 8 краінаў у сьвеце, дзе стан свабоды 
              «найгоршы з найгоршага» — Куба, Паўночная Карэя, Туркмэністан. Узбэкістан, 
              Лівія, Судан, Бірма і Самалі. Пасьля вылучаецца дзесятак краінаў 
              і тэрыторыяў, якія набліжаюцца да «найгоршых з найгоршых», у іх 
              ліку і Беларусь, побач з Кітаем, Зімбабвэ і іншымі дыктараскімі 
              краінамі Азіі і Афрыкі.  
            Справаздача Freedom House адзначае, што на абшарах былога Савецкага 
              Саюзу летась ня было значных зьменаў у стане палітычных і грамадзянскіх 
              свабодаў. Выключэньнем, «адзіным сьветлым момантам», названая Украіна, 
              якая далучаная цяпер да ліку цалкам свабодных краінаў, а таксама 
              палепшылася сытуацыя ў Грузіі, якая са статусу «несвабодных» перамясьцілася 
              ў статус «часткова свабодных».  
            Тым часам «Расея працягвае заставаццца мадэлью для аўтарытарна-арыентаваных 
              лідэраў у рэгіёне і ў сьвеце», і стан свабоды ў Расеі пагоршыўся 
              ў выніку жорсткага перасьледу недзяржаўных арганізацыяў.  
            «Хаця дачыненьні Расеі зь Беларусьсю часткова пагоршыліся, — адзначаецца 
              ў справаздачы, — Расея працягвае падтрымліваць аўтакратыі ў рэгіёне 
              і супрацьстаяць памкненьням ААН ужываць санкцыі супраць дыктатараў». 
             
            Справаздача адзначае ў якасьці фэномэна ў разьвіцьці грамадзкіх 
              і палітычных дачыненьняў у сьвеце цягам апошніх гадоў мэтанакіраваны 
              націск на дэмакратыю, які характэрны, у ліку іншых названых несвабодных 
              краінаў, і для Беларусі.  
            Тут вызначаюцца тры адметныя моманты. Па-першае, аб’ектамі перасьледу 
              з боку ўладаў робяцца ня столькі палітычныя партыі ці прафсаюзы, 
              колькі незалежныя недзяржаўныя арганізацыі. Па-другое, дыктатарскі 
              рэжым імкнецца часьцей ўжываць юрыдычныя мэханізмы, заканадаўчую 
              базу, для таго, каб прымусіць замаўчаць вольныя галасы ў грамадзтве. 
              І, нарэшце, тое, што рэжым ў Беларусі, як і іншыя аўтарытарныя рэжымы, 
              імкнецца пазбавіць незалежныя арганізацыі ў сваёй краіне магчымасьці 
              атрымліваць дапамогу з-за мяжы.  
            Усяго 45 краінаў сьвету названыя ў справаздачы Freedom House несвабоднымі, 
              ў іх жыве 37% насельніцтва Зямлі. Праўда, палова ад ўсёй гэтай часткі 
              насельніцтва жыве ў адной краіне — ў Кітаі. Часткова свабоднымі 
              названыя 58 краінаў, якія прадстаўляюць 17 % насельніцтва ўсяго 
              сьвету.  
            Цалкам свабодныя, паводле справаздачы Freedom House — 90 краінаў, 
              у якіх жыве 46 % насельніцтва Зямлі. 
             
            Тацяна Поклад 
              Радыё Свабода 
               
            
                       
             |