|    Сотні людзей выйшлі 16 студзеня на вуліцы Менска 
              і іншых беларускіх гарадоў у знак салідарнасці з сем’ямі зніклых 
              беларускіх журналістаў, беларускімі палітвязнямі, усімі, хто змагаецца 
              за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. 100 моладзевых актывістаў запалілі 
              свечкі Свабоды і Салідарнасці ў цэнтры сталіцы на набярэжнай ракі 
              Свіслач. 50 чалавек сталі ланцугом з запаленымі свечкамі і партрэтамі 
              палітвязняў ля цэнтральнага чыгуначнага вакзала. Транспаранты «Свабоду 
              палітвязням!» былі вывешаныя ў розных раёнах горада, незалежныя 
              газеты і ўлёткі распаўсюджваліся па ўсёй Беларусі. Акцыі салідарнасці 
              прайшлі ва ўсіх абласных цэнтрах краіны, а таксама ў Баранавічах, 
              Бабруйску, Жодзіна, Барысаве, Салігорску, Нясвіжы і іншых гарадах. 
              Тысячы беларусаў запальвалі свечкі ў вокнах сваіх дамоў. У шмат 
              якіх краінах свету пікетавалі беларускія дыппрадстаўніцтвы і праводзілі 
              акцыі салідарнасці. 
            Падчас акцый былі затрыманыя некалькіх актывістаў. У цэнтры Менска 
              ў гэты дзень дзяжурылі ўзмоцненыя нарады міліцыі. Кастрычніцкая 
              плошча, плошча Перамогі, Якуба Коласа і вуліца Няміга былі літаральна 
              ачэпленыя супрацоўнікамі АМАПа. 
            Моладзевыя актывісты Анастасія Чахоўская, Уладзімір Лукша, Валянцін 
              Сакалоўскі і Аляксей Бондар былі затрыманыя падчас акцыі ля Чыгуначнага 
              вакзалу. 50 моладзевых актывістаў стаялі са свечкамі і партрэтамі 
              палітвязняў. Побач яны паставілі тумбу, да якой прымацавалі партрэты 
              вязняў сумлення. Праз пяць хвілін пасля пачатку акцыі да вакзала 
              пад’ехаў аўтобус з супрацоўнікамі АМАПа. Былі затрыманыя і дастаўленыя 
              ў адзеленне міліцыі чатыры актывіста. Пасля праверкі дакументаў 
              яны былі вызваленыя. 
            Акцыі салідарнасці адбыліся таксама за мяжой — у Польшчы, Чэхіі, 
              ЗША, Украіне, Расеі, Бельгіі, Швецыі, Эстоніі і іншых краінах свету. 
            Акцыі салідарнасці праводзяцца ў Беларусі і па ўсім свеце ў 16 
              дзень кожнага месяца. Тысячы беларусаў і сяброў нашай краіны ва 
              ўсім свеце ў 20.00 запальваюць у сваіх вокнах свечкі Свабоды, праводзяць 
              вулічныя акцыі салідарнасці, павязваюць джынсавыя і бел-чырвона-белыя 
              стужкі на сваёй вопратцы, удзельнічаюць у флэш-мобах і інтэрнэт-акцыях. 
              У храмах па ўсім свеце праходзяць набажэнствы за беларускіх палітвязняў 
              і сем’і зніклых апазіцыянераў. 
              
            Хартыя`97 
               
            
                       
             |