Прыкладна зь сярэдзіны мінулага году магілёўскія
дэмакраты 16 чысла кожнага месяца ладзяць маўклівыя акцыі
на Дзень беларускай салідарнасьці. Вось і ўчора 15 актывістаў
хадзілі з запаленымі сьвечкамі й партрэтамі зьніклых і зьняволеных
беларускіх палітыкаў у цэнтры абласнога цэнтру на адной
з цэнтральных, пешаходных вуліц.
Ізноў, як гэта адбываецца ўжо цягам некалькіх апошніх месяцаў,
іх маўкліва суправаджала група амонаўцаў ды міліцыянтаў.
Мясцовыя праваабаронцы зьвязваюць такі незвычайны фармат
правядзеньня Дня салідарнасьці зь пераменамі, якія адбыліся
апошнім часам у адносінах паміж міліцыяй і дэмакратычнымі
актывістамі. Раней міліцыя перашкаджала акцыям і затрымлівала
ўдзельнікаў, затрыманьні часта заканчваліся судамі. Але
ж і дэмакраты ў сваю чаргу кожны раз праз суд аспрэчвалі
свой перасьлед. Міліцыянтам такім чынам даводзілася зьяўляцца
ў суд і даваць свае тлумачэньні. Гэта для міліцэйскага начальства
заўсёды было вельмі непрыемна, нязвыкла і нязручна — нават
і пры тым, што ніводзін суд ніводнага разу не прызнаў рацыі
ўдзельнікаў мірных акцыяў.
Магчыма, што з-за прынцыповасьці дэмакратычных актвістаў
цяпер у Магілёве ім дазваляюць праводзіць тыя альбо іншыя
сьціплыя па фармаце пратэстныя акцыі, на якіх не бывае прамоваў
альбо раздачы ўлётак. Міліцыя назірае за гэтымі акцыямі,
фіксуе іхных удзельнікаў, але на больш рашучыя меры пакуль
не ідзе. Варта дадаць, што цягам правядзеньня ўчорашняй
акцыі, якая скончылася без эксцэсаў і затрыманьняў, многія
мінакі атрымалі ад яе ўдзельнікаў падрабязныя адказы на
свае пытаньні аб тым, што і зь якой мэтай тут адбываецца,
ды чаму людзі трымаюць запаленыя сьвечкі ў руках.
Віктар Войт
www.belngo.info
|