|    Розныя меркаваньні й шматлікія разнастайныя разважаньні 
              аб тым, ці варта адзначаць ў ва ўсёй Эўропе Дзень Салідарнасьці 
              зьяўляюцца ўсё часьцей на старонках не толькі беларускіх незалежных, 
              але й эмігранцкіх мэдый. Інтэрнэт прапануе нават з яго дапамогай 
              распаліць віртуальнае полымя сьвячы на гэты час — «з 19-30 па 20-30 
              шаснаццатага дня кожнага месяца». Мову выбірае карыстальнік. Нашчасьце, 
              я з тых, хто можа запаліць сапраўдную сьвячу. З радасьцю на сэрцы 
              штомесяц адчуваю сябе пасярод аднадумцаў, калі разам са Ззьвязам 
              і яго сябрамі далучаю свой маленькі агеньчык у гэты вечар да шэрагу 
              сьвятлякоў на пражскіх маставых. А насамрэч, ці варта зьбірацца 
              ў гэты дзень разам, ці варта пад дажджамі й вятрамі няласкавага 
              эўрапэйскага неба спрабаваць хаца б на гадзінку захаваць жывое полымя 
              нашае памяці?  
            Апанэнты лічаць, што тым, дзеля каго гэта робіцца, сьвятло нашых 
              агнёў зусім не патрэбна; ці так: маладзёвыя акцыі — проста дзіцячыя 
              гульні на радасьць тым, хто хоча адцягнуць увагу ад свае бязьдзейнасьці 
              й прыкрыць сваю абыякавасьць маладым патрыятычным імпэтам. Тэатар 
              Марыянетак пад эўрапэйскі акампанімэнт. Альбо меркаваньні кшталту: 
              запалім паціху дома, навошта выходзіць увечары на вуліцу, галоўнае 
              — паўдзельнічаць. А часьцей за ўсё, нажаль, выказваньні саміх жа 
              пасіўных беларусаў, якія прызвычаіліся да страўсінае пазыцыі і нават 
              у цэнтры Эўропы сваё «абы ціха» маркотна цягнуць да «хаты на ўскрайку». 
             
            Аднак тысячы людзей і на Беларусі, і ў розных краінах выходзяць 
              на вуліцы сваіх гарадоў з запаленымі сьвечкамі, каб выказаць салідарнасьць 
              зь семьямі зьніклых у нашай краіне апазіцыянераў, беларускімі палітвязьнямі, 
              рэпрэсаванымі, усімі, хто змагаецца за свабоду Беларусі.  
              Ініцыятыва праводзіць Дні Салідарнасьці нарадзілася пасьля таго, 
              як 16 верасьня 2005 года, у гадавіну зьнікнення віцэ-сьпікера Вярхоўнага 
              Савета 13 скліканьня Віктара Ганчара і бізьнэсмэна, грамадскага 
              дзеяча Анатоля Красоўскага, міліцыя разагнала акцыю ў памяць зьніклых 
              і адняла ў яе ўдзельнікаў партрэты зьніклых палітыкаў. Людзі трымалі 
              ў руках таксама партэты выкрадзеных у Беларусі экс-міністра ўнутраных 
              справаў Юрыя Захаранкі і журналіста Зміцера Завадскага, нацыянальныя 
              сьцягі.  
            З таго часу акцыі салідарнасьці праводзяцца ў Беларусі і па ўсім 
              свеце 16 дня кожнага месяца. Тысячы беларусаў і сяброў нашай краіны 
              ва ўсім сьвеце а 20 гадзіне запальваюць у сваіх вокнах свечкі Свабоды, 
              праводзяць вулічныя акцыі салідарнасьці, павязваюць джынсавыя і 
              бела-чырвона-белыя стужкі на сваёй вопратцы, удзельнічаюць у флэш-мобах 
              і Інтэрнэт-акцыях.  
            Акцыі Салідарнасьці адбыліся 16 студзеня 2007 года ня толькі ў 
              Празе, на Старамесцкай плошчы, але і ў Вашынгтоне, Варшаве, Любліне, 
              Кракаве, Беластоке, Познані, Вроцлаве, Кіеве, Санкт-Петярбурзе, 
              Брусэле, Стакгольме і шматлікіх іншых гарадах і краінах.  
              
             
              Яна Ліцьвінава  
              www.bielarusy.org 
               
            
                       
             |