Суд у Салігорску прызнаў яго вінаватым у дробным
хуліганстве. Зьмітра затрымалі 20 студзеня на цэнтральнай плошчы
Салігорску падчас пікету ў падтрымку зьняволенага лідэра незарэгістраванага
«Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча. Напярэдадні і падчас акцыі
ў Салігорску міліцыянты таксама затрымалі непаўналетніх Андруся
Тычыну ды братоў Івана й Ільлю Шылаў.
Сёньня сябры і паплечнікі 18-гадовага стыпэндыята праграмы Кастуся
Каліноўскага Зьмітра Карнова прыйші ў суд, але на разгляд справы
так і ня трапілі. Гаворыць моладзевы актывіст Іван Шыла:
Шыла: «Зьмітра Карнова пакаралі арыштам на трое сутак. Яго судзілі
паводле 156 артыкулу — дробнае хуліганства. Але суд адбываўся не
ў судовай залі. Мы, дэмакратычныя актывісты Салігорску, родныя прыйшлі
яго падтрымаць, выказаць зь ім сваю салідарнасьць. Але менавіта
з-за таго, што прыйшло дзесяь-дванаццаць чалавек, суд перанесьлі
ў камэру. Бязь сьведкаў, грамадзкіх прадстаўнікоў проста прысудзілі
трое сутак арышту. І ён мусіць выйсьці заўтра а трэцяй гадзіне».
Моладзевыя актывісты выказалі сваё абурэньне ў судовай кнізе скаргаў.
У суботу 20 студзеня маладафронтаўцы плянавалі правесьці шэраг
акцыяў у падтрымку свайго зьняволенага лідэра Зьмітра Дашкевіча
— у Салігорску, Слуцку, Старых Дарогах, Старобіне, Любані і Магілёве.
Але яшчэ 17 студзеня на магілёўскім вакзале быў затрыманы Максім
Азараў, які прыйшоў да цягніка забраць перададзеныя салігорскімі
паплечнікамі матэрыялы для пікетаў.
Апоўдні 20 студзеня каля салігорскага офісу «Маладога фронту» затрымалі
Ільлю Шылу і Андруся Тычыну. Яшчэ дваім актывістам удалося ўцячы
на таксоўцы. У офісе арганізацыі міліцыянты правялі ператрус і сканфіскавалі
транспаранты, улёткі, праваабарончую літаратуру. Моладзевыя атывісты
спрабавалі правесьці акцыю на гарадзкім рынку, але міліцыя не дала.
Іван Шыла і Зьміцер Карноў разгарнулі транспарант з надпісам «Свабоду
Дашкевічу!» на цэнтральнай плошчы Салігорску. Але прастаяць хлопцы
змаглі не больш за хвіліну — і былі затрыманыя.
Непаўналетніх Андруся Тычыну, Івана і Ільлю Шылаў адпусьцілі з
пастарунку ў той жа дзень праз тры гадзіны.
Альгерд Невяроўскі
Радыё Свабода
|