170 чалавек прынялі ўдзел у флэш-мобе ў падтрымку
палітзняволеных, які адбыўся 19 студзеня ў Менску. Акцыя прайшла
ў 20.30 каля кінатэатра «Аўрора». Людзі з запаленымі свечкамі прайшлі
па вуліцы Прытыцкага і потым сталі ў ланцуг.
Некалькі маладых людзей былі затрыманы перад яе пачаткам у раёне
станцыі метро «Фрунзенская». Іх пратрымалі ў амапаўскім аўтобусе
гадзіну, а потым вызвалілі. Пасля сканчэння акцыі затрыманняў не
было.
Акцыю, прысвечаную дню нараджэння беларускага змагара за свабоду
Кастуся Каліноўскага, 21 студзеня правялі актывісты грамадзянскай
кампаніі «За Свабоду!». 30 чалавек сталі ў ланцуг на перакрыжаванні
вуліцы Ванеева і праспекта Ракасоўскага. У руках яны трымалі літары,
якія складалі адну з найболш вядомых цытатаў Каліноўскага: «Не народ
для ўрада, а ўрад для народа!» Акцыя працягвалася каля 15 хвілін,
ніхто з удзельнікаў ня быў затрыманы.
Некалькі расцяжак з лозунгам «Свабоду!» з’явіліся ў горадзе напрыканцы
мінулага тыдня. Адна з іх была вывешаная на мосце праз вуліцу Няміга.
Яшчэ адна — на парапеце падземнага пераходу каля універмагу «Беларусь».
Расцяжкі правіселі некалькі гадзін.
Хартыя`97
|