Супраць Зьміцера Хведарука і Алега Корбана ўзбуджаная крымінальная справа

06.02.2007

Упраўленьне КДБ па Менску й Менскай вобласьць распачало крымінальную справу ў дачыненьні двух актывістаў «Маладога Фронту». Як паведамілі Інтэрфаксу ў прэсавай службе ўпраўленьня, крымінальная справа ў дачыненьні Зьміцера Хведарука й Алега Корбана распачатая паводле прыкметаў злачынства, прадугледжанага артыкулам 193 Крымінальнага кодэксу (незаконная дзейнасьць грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду, альбо актыўны ўдзел у іхнай дзейнасьці).

Зьміцер Хведарук і Алег Корбан цяпер знаходзяцца ў сьледчым ізалятары КДБ. Яны былі затрыманыя ў мінулыя выходныя на прыватнай кватэры, дзе адбываўся сход актывістаў «Маладога фронту». Такім чынам, ужо пяць асобаў з кіраўніцтва й актыву арганізацыі падпалі пад дзеяньне Крымінальнага кодэксу. Апроч Зьміцера Хведарука й Алега Корбан, на якіх справы толькі заведзеныя, пакараньне пазбаўленьнем ці абмежаваньнем волі адбываюць цяпер Павал Севярынец, Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч.


Прэс-служба МФ