Аляксандр Мілінкевіч: «16 дзень — гэта напамін свету пра Беларусь»

17.02.2007

Сёння ў 16 раз ва ўсім свеце адзначаецца Дзень беларускай салідарнасці. Лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч заклікаў маліцца за вызваленне беларускіх палітвязняў. «Я вельмі ўдзячны ўсім, хто ў гэты дзень салідарны з Беларуссю. 16 дзень кожнага месяца стаў сапраўды знакавым для дэмакратычных актывістаў ў нашай краіне і за мяжой. І калі сёння ў Еўразвязе Беларусь — гэта праблема нумар адзін, калі пра сітуацыю ў нашай краіне пішуць на першых старонках шматлікіх выданняў у Еўропе, то гэта вялізная заслуга ўсіх людзей, якія кожны месяц нагадваюць свету пра тое, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека, няма свабодных выбараў, не засталося незалежнай прэсы... Як хрысціянін, я заклікаю ўсіх беларусаў і сяброў нашай краіны маліцца за хутчэйшае вызваленне ўсіх беларускіх палітвязняў, за вяртанне дэмакратыі ў Беларусь», — сказаў Аляксандр Мілінкевіч у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97.