Акцыі салідарнасьці адбыліся ў Польшчы

17.02.2007

У розных гарадах Польшчы адбыліся акцыі салідарнасьці з сем’ямі зьніклых апазыцыйных і грамадзкіх дзеячоў Беларусі. На Замкавай плошчы ў Варшаве зранку распачалася акцыя, прымеркаваная да Дня Салідарнасьці. У цэнтры польскай сталіцы пад адкрытым небам адчыненая фотавыстава беларускіх дэманстрацыяў, гучыць беларуская музыка, а ўвечары будуць паказаныя фільмы й кліпы пра падзеі ў Беларусі.

Акцыю саліларнасьці зь беларускімі палітвязьнямі традыцыйна ў Варшаве ладзіць «Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі». Гэтым разам у Старым горадзе паўстаў намёт, над якім лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі. Варшавяне й шматлікія госьці сталіцы такім чынам змогуць завочна пазнаёміцца зь Беларусьсю.

«Мы паставілі тут сымбалічны намёт з выставаю беларускіх вулічных акцыяў. Як зьвечарэе, то мы хочам паказаць некалькі фільмаў пра Беларусь, каб жыхары сталіцы й мясцовыя беларусы прыйшлі ды паглядзелі, каб мелі візуальнае ўяўленьне аб тым, што зараз адбываецца ў Беларусі. Людзі падыходзяць і выказваюць сваю салідарнасьць зь Беларусьсю», — распавёў «Польскаму радыё» старшыня «Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі» Антось Цялежнікаў.

Кацярына, беларуска, якая навучаецца ў Польшчы, кажа, што цікаўнасьць палякаў да дадзенай акцыі досыць высокая, часам да намёту падыходзяць і турысты зь Беларусі.

«На сёньняшні дзень менавіта гэтая акцыя адна з найбольш арыгінальных і яскравых. Пікеты каля амбасадаў бадай сябе ўжо вычарпалі, паколькі паслы ведаюць, што пікеты ладзяцца. А тут, на плошчы, ходзіць шмат турыстаў. Людзі падыходзяць, цікавяцца, просяць патлумачыць», — расказвае дзяўчына.

Дзень Салідарнасьці зь беларускімі палітзьняволенымі ў Варшаве працягнецца сёньня да 20.00. Аднак мерапрыемствы такога кшталту адбываюцца ня толькі ў сталіцы Польшчы, але й Беластоку, Кракаве, Уроцлаве, Познані.

У горадзе Жэшаў пры дапамозе дэпутатаў мясцовай рады адбылося спатканьне зь беларускімі журналістамі і палітыкамі. А ў Пултуске, як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 старшыня «Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі» Антось Цялежнікаў, прайшоў адкрыты паказ фільм Юры Хашчавацкага «Плошча» — пра сакавіцкія падзеі ў Беларусі.