У Салігорску 16 лютага затрыманыя 10 чалавек

17.02.2007

16-га лютага ў Салігорску традыцыйна ўвечары павінна была адбыцца акцыя Салідарнасьці з палітвязьнямі, зьніклымі палітыкамі й грамадзкімі дзеячамі Беларусі. Аднак акцыя была практычна сарваная прадстаўнікамі праваахоўных ворганаў.

Перад самым пачаткам акцыі Салідарнасьці на цэнтральнае плошчы Салігорску байцы менскага спэцназу затрымалі 10 чалавек, у тым ліку Ўладзіміра й Івана Шылаў, Зьмітра й Дзяніса Карнова, Дзяніса Талпеку, Анатоля Мірашнічэнку, Андруся Тычыну. Падчас затрыманьняў спэцназаўцы ўжывалі сілу й пагражалі затрыманым людзям. Пазьней, пасьля некалькіх гадзінаў усе дэмакратычныя актывісты былі вызваленыя.

Такім чынам, як паведамляе прэс-служба Салігорскага МФ, за два дні ў Салігорску адбылося 18-ць затрыманьняў. На Акцыі Любові й у дзень беларускае Салідарнасьці. Трэба таксама дадаць, што выкарыстаньне уладамі спэцназу зь Менску сьведчыць аб тым, што мясцовыя прадстаўнікі праваахоўных ворганаў проста ня могуць нічога «зрабіць» з моладзевым супрацівам у Салігорску й таму вымушаныя прасіць дапамогі ў больш «дасьведчаных» калегаў зь беларускае сталіцы.

 

Паводле saligorsk.org