Беларусы заклікаюць амбасадараў Эўропы і ЗША змагацца за свабоду беларускіх палітвязьняў
1 марта 2007

Беларусы, якія жывуць у Варшаве, пачалі зьвяртацца ў амбасады краінаў Эўразьвязу, Расеі, Украіны, Канады і ЗША (усяго 31-й краіны) з заклікам патрабаваць ад афіцыйнага Менску вызваленьня экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў.

Перадача звароту пачалася з амбасады Расеі ў Варшаве. Расейскія дыпляматы, аднак, не схацелі сустрэцца з аўтарамі дакумэнту — ліст праз краты плоту прыняў ахоўнік.

У амбасадзе Ўкраіны беларусаў прыняў першы сакратар, у дыпляматычным прадстаўніцтве ЗША да іх выйшаў адзін з намесьнікаў амбасадара.

Зварот у амэрыканскае пасольства адрозьніваўся ад іншых тым, што ўтрымліваў падзяку за ранейшую падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі.

«Мы заклікаем вас ня весьці ніякіх перамоваў з апошнім дыктатарскім рэжымам у Эўропе, пакуль ня будуць вызваленыя ўсе палітвязьні, не адбудуцца свабодныя выбары, ня будзе забясьпечаная свабода дзейнасьці для мэдыяў і палітычных партыяў», — гаворыцца ў звароце.

На мінулым тыдні польскі Сэнат ухваліў зварот да беларускіх уладаў з заклікам неадкладна вызваліць Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў — ініцыятары акцыі хочуць, каб іншыя краіны таксама націснулі на Менск.

«Мы патрабуем вызваленьня ўсіх палітвязьняў, а ў першую чаргу былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта спадара Казуліна», — сказаў адзін з удзельнікаў акцыі Ігар Крыштон.

Удзельнікі акцыі ўчора наведалі амбасады Расеі, Украіны, ЗША і Канады — штодня яны будуць перадаваць пэтыцыі ў 5-6 амбасадаў.