|    Актывісту Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзянісу Дзянісаву пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. Яго вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Трэці тыдзень Дзяніс Дзянісаў знаходзіцца за кратамі. 
			
					  2 сакавіка актывіста Дзяніса Дзянісава ў Віцебскім сьледчым ізалятары наведаў адвакат Пётар Каваленка. Паводле яго, Дзянісу Дзянісаву выставілі абвінавачаньне паводле 342-га артыкулу:  
			“Ён абвінавачаны ў арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак і супрацьдзейнічаюць уладзе. Гэта выявілася нібыта ў тым, што яны падрыхтавалі ўлёткі й плякаты й зьбіраліся такім чынам супрацьдзейнічаць”.  
			Паводле адваката, падзеі, якія фігуруюць у справе Дзянісава, адбыліся 18 чэрвеня 2006 году ў Віцебску. Тады група моладзевых актывістаў зь незарэгістраванай арганізацыі “Бунт” спрабавала правесьці апызыцыйную акцыю. Актывісты вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг.  
			Крымінальную справу паводле ўдзелу Дзяніса Дзянісава ў гэтым эпізодзе завялі летась у кастрычніку. А затрымалі Дзяніса Дзянісава 16 лютага ў цягніку, які ехаў у Гомель. Спачатку актывіста трымалі ў Гомельскім сьледчым ізалятары, потым перавезьлі ў Віцебскі сьледчы ізалятар №2.  
			Як паведаміў адвакат Пётар Каваленка, стаўленьне да Дзяніса Дзянісава ў сьледчым ізалятары “нармальнае, на дрэнныя ўмовы ён ня скардзіцца”. Адвакат паведаміў, што ягоны падабаронны віны не прызнае. “Будзем дамагацца зьмены ўтрыманьня для Дзяніса”, — сказаў адвакат Каваленка. Ён лічыць, што пэрспэктывы ў абароне кліента добрыя. 
			  
			Алег Грузьдзіловіч 
Радыё	Свабода	 
					
					   
			 |