Санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў маюць быць працягнутыя
5 марта 2007

Санкцыі Эўрапейскага Зьвязу супраць 34 беларускіх чыноўнікаў маюць быць працягнутыя ад 1 красавіка, хаця рашэньне па гэтым пытаньні сёньня ў часе паседжаньня Рады міністраў не разглядалася, паведамілі «Свабодзе» ў Брусэлі. Паводле супрацоўніцы сакратарыяту Рады міністраў спадарыні Сымон, пытаньне адносна візавай забароны на ўезд ў краіны Эўразьвязу для адказных беларускіх чыноўнікаў і блякады іхных банкаўскіх рахункаў павінна быць прынятае ў сакавіку.

Праект пастановы гатовы, і ён атрымаў падтрымку з боку кіраўніцтва Эўразьвязу, паведамілі «Свабодзе». Днямі адпаведны праект пастановы падтрымалі 27 акрэдытаваных у Брусэлі афіцыйных прадстаўнікоў краінаў Эўразьвязу.

Напярэдадні ў Бэрліне ў часе сустрэчы прадстаўнікоў парлямэнцкіх камісіяў па міжнародных справах краінаў Эўразьвязу кіраўнік МЗС Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў, што ў мэтах будаўніцтва дэмакратыі ў Беларусі «ёсьць імкненьне актывізаваць дзейнасьць няўрадавых арганізацыяў і розных фондаў зь беларускай грамадзкасьцю».

Кіраўнік нямецкага замежнапалітычнага ведамства таксама паведаміў, што ў Менск будзе накіраваная дэлегацыя зь Нямеччыны, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе.

У размове са «Свабодай» сябра камісіі па міжнародных справах Бундэстагу, а таксама прадстаўніца Нямеччыны ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Марылюіза Бэк сказала, што «ініцыяваны працяг санкцыяў — гэта звычайная нармальная працэдура, і ініцыятыва хутчэй за ўсё будзе ўхваленая».

«Пасьля інтэрвію спадара Лукашэнкі нямецкай Die Welt усе мы зь вялікай цікавасьцю назіраем за тым, што адбываецца ў Беларусі, ці вядзе беларускі кіраўнік сваю краіну ў бок Швэцыі і Нямеччыны, як ён абяцаў, альбо гэтыя заявы маюць толькі вэрбальны характар. Санкцыі могуць быць спыненыя ці аслабленыя толькі пры наяўнасьці рэальных адпаведных крокаў з боку беларускага кіраўніцтва», — сказала Марылюіза Бэк.

Паводле эўрапейскіх палітыкаў, афіцыйны Менск так і ня выканаў большасьці патрабаваньняў Эўразьвязу. Размова перадусім ідзе пра вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў, а таксама пра доступ грамадзянаў краіны да незалежных СМІ, павагу правоў няўрадавых арганізацыяў і незалежных прафсаюзаў, нацыянальных меншасьцяў, спыненьне ўмяшаньня ўладаў у бізнэс, правядзеньне свабодных і адкрытых выбараў.

Прадстаўніца Вярхоўнага эўракамісара Хавіера Саляны Хэльга Шмід перакананая: «Далейшы курс беларускай палітыкі Эўразьвязу будзе залежаць ад зьменаў сытуацыі ў самой Беларусі. Немагчыма гаварыць пра сур’ёзны дыялёг і супрацоўніцтва, калі базісныя каштоўнасьці не падзяляюцца».

Тым часам у Менску лічаць, што «візавыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў ня маюць сэнсу».

«У нашым разуменьні гэта старая песьня пра тое, чаго няма, паколькі ніякай ні сэнсавай, ні палітычнай нагрузкі такія крокі ня маюць. І нічога новага ў сыстэму нашых сёньняшніх дачыненьняў яны не дадаюць», — заявіў прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў.