«Беларусь — сакавік 2006-га» у Празе

12.03.2007

19 сакавіка пад патранатам былога прэзыдэнта Чэскай Рэспублікі Вацлава Гавэла і рэктара Карлавага ўнівэрсытэту Вацлава Гампла ў праскім Каралінуме адбудзецца адкрыцьцё выставы «Выбар бяз выбару. Беларусь — сакавік 2006-га».

Атмасфэру леташняй прэзыдэнцкай кампаніі і масавых пратэстаў прыхільнікаў пераменаў перададуць на выставе здымкі журналістаў тыднёвіка «Наша ніва» Юліі Дарашкевіч і Андрэя Лянкевіча, а таксама чэскага фатографа Якуба Досьпівы — супрацоўніка Чэскага інфармацыйнага агенцтва (CTK), паведамляе «Радыё Свабода».

Кожны фатаздымак на выставе будуць суправаджаць асабістыя нататкі адной з удзельніц пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы — беларускай журналісткі Дар`і Касьценкі, аўтаркі разьмешчаных у інтэрнэце «Сакавіцкіх дзёньнікаў».

Выставу ў праскім Каралінуме арганізуюць студэнты Карлавага ўнівэрсытэту пры спрыяньні рэктара ўнівэрсытэту Вацлава Гумпла і экс-прэзыдэнта Чэскай Рэспублікі Вацлава Гаўла.

«Мы хочам ізноў, праз год пасьля сфальсыфікаваных выбараў, зьвярнуць увагу на праблемы ў Беларусі. Рэч у тым, што ўвага мэдыяў да падзеяў у Беларусі хутка згасла, а тым часам ціск на беларускую апазыцыю не спыняецца», — сказаў адзін з арганізатараў выставы, студэнт філялягічнага факультэту Карлавага ўнівэрсытэту Расьціслаў Вальвода.

Выстава, якая працягнецца да 30-га красавіка, прадугледжвае правядзеньне суправаджальных мерапрыемстваў. Кожную сераду на філялягічным факультэце Карлавага ўнівэрсытэту будуць дэманстравацца дакумэнтальныя фільмы аб Беларусі, пасьля якіх заплянаваны дыскусіі з гасьцямі выставы. У канцы красавіка мае адбыцца круглы стол з удзелам прадстаўнікоў палітычных і недзяржаўных колаў Чэхіі: на ім будуць абмяркоўвацца шляхі чэскай дапамогі Беларусі.

Па закрыцьці выставы ў Празе экспазыцыя пераедзе ў Брно, а затым у шэраг іншых гарадоў Чэхіі.