У Беларусі распачатая новая хваля палітычных рэпрэсіяў і запалохваньня моладзі: заява Праваабарончага цэнтру «Вясна»

13.03.2007

Праваабарончы цэнтр «Вясна» выказвае глыбокую занепакоенасьць у сувязі з пашырэньнем палітычнага перасьледу актывістаў моладзевых арганізацыяў і рухаў Беларусі.

На сёньняшні дзень па крымінальнай справе, узбуджанай па факце дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт», у якасьці падазраваных праходяць чатыры чалавекі: Алег Корбан, Дзьмітрый Хведарук, непаўнагадовая Наста Палажанка, Аляксей Янушэўскі.
13 сакавіка ў Пракуратуру г. Менску на допыт у якасьці сьведкаў па крымінальнай справе супраць А. Корбана і Д. Хведарука былі выкліканыя Н. Палажанка і А. Янушэўскі. Аднак у пракуратуры моладзевым актывістам былі прад’яўленыя пастановы аб прызнаньні іх падазраванымі ў межах крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь — дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт».

Мы лічым крымінальны перасьлед Алега Корбана, Дзьмітрыя Хведарука, Насты Палажанкі, Аляксея Янушэўскага выключна палітычным, а таксама занепаконеныя інфармацыяй пра магчымае павелічэньне колькасьці падазраваных па дадзенай справе.

Мы яшчэ раз нагадваем, што асуджэньне грамадзкіх актывістаў па арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу зьяўляецца грубым парушэньнем права на свабоду асацыяцыяў, гарантаванага Канстытуцыяй Беларусі і Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» патрабуе ад уладаў тэрміновага спыненьня крымінальнага перасьледу моладзевых актывістаў, неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў краіны, а таксама адмены усіх палітычна матываваных зьменаў Крымінальнага кодэксу.