|    У многіх гарадах Беларусі 16 сакавіка адзначылі традыцыйны Дзень беларускай салідарнасьці. Людзі выходзілі на плошчы сваіх гарадоў з партрэтамі палітвязьняў і запальвалі свечкі.  
			У Магілёве Дзень салідарнасьці адзначылі запальваньнем традыцыйных сьвечак памяці. Актывісты моладзевых арганізацыяў з запаленымі сьвечкамі прайшлі цэнтральнымі вуліцамі гораду. На завяршэньне ўдзельнікі акцыі прыйшлі да будынку Магілёўскага гарвыканкаму.  
			У Бабруйску актывісты сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) правялі акцыю на традыцыйным для Дня салідарнасьці месцы — капліцы перад Менскімі могілкамі. Прыблізна праз гадзіну пад’ехалі міліцыянты, якія вымусілі актывістаў спыніць акцыю.  
			І ў Магілёве і Бабруйску сакавіцкі Дзень салідарнасьці абышоўся без затрыманьняў. 
			У Новалукомлi ў некалькiх месцах прайшла акцыя Салiдарнасцi з сем`ямi зьнiклых i палiтвязьнямi, у якой прымала ўдзел 20 чалавек — актывiсты кампаніі «За Свабоду» i «Маладога Фронту». 
			16 сакавіка, як і месяц таму, улады вырашылі разагнаць акцыю ў Салігорску. Адмыслова для гэтага на дапамогу мясцовай міліцыі ў Салігорск прыбылі байцы спэцназу і аўтазак. Але, як паведамлялася раней, у сувязі з набліжаючымся Днём Волі 25 сакавіка, было прынята прынцыповае рашэньне пра зьмену фармату акцыі Салідарнасьці 16-га сакавіка ў Салігорску. Каб выключыць арышты актывістаў напярэдадні Дня Волі было вырашына замест выхаду на плошчу запаліць сьвечы Салідарнасьці ля будынка гарадзкога Суда.  
			 — Мы прадбачылі прыезд спэцназу, аднак ня выйшлі гэтым разам на плошчу выключна з-за набліжаючагася сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску 25 сакавік. Многіх маглі папросту пасадзіць на «суткі» да 25-га, як гэта ўжо было не аднойчы ў Салігорску. Таму, карыстаючыся момантам, яшчэ раз заклікаю ўсіх, хто любіць нашую родную Беларусь, прыйсьці на пляц Каліноўскага (Кастрычніцкая плошча) у Менску а 12-й гадзіне 25 сакавіка, каб разам адзначыць найважнейшае беларускае сьвята — Дзень Волі, — пракамэнтаваў зьмену фармату акцыі моладзевы актывіст Алесь Міхалок.  
			  
			Па матэрыялах Радыё Свабода 
					 
			 
			   
			 |