У гэтым месяцы дзень салідарнасці з Беларуссю быў адзначаны на мяжы з Беларуссю на памежным пераходзе «Кузніца Беластоцкая». Звяз на карысць дэмакратыі ў Беларусі« ды студэнты з праграмы імя К.Каліноўскага прыехалі на памежны пераход, каб правесці інфармацыйную акцыю для суайчыннікаў, што вяртаюцца на радзіму.
Падарожнікам раздавалі інфармацыйныя матэрыялы пра падзеі ў Мінску 25 сакавіа гэтага году ды дакументальныя фільмы — Мiрэка Дэмбіньскага «Урок беларускай” і Юрыя Хашчавацкага «Плошча».
Але найбольшую увагу прыцягнуў намёт з фотавыставай, на якой былі прадстаўленыя масавыя вулічныя акцыі, пачынаючы з 1996 года. над намётам луналі бел-чырвона-белыя сцягі і гучала забароненая ў нас музыка.
Рэакцыя беларусаў была досыць нечаканая: яны ахвоча разглядалі выставу, частка — не хаваючы свайго задавальнення, іншыя паціскалі плячыма і казалі: «Ну што ж тут зробіш, жыццё ў нас такое!».
Тым не менш усе пацвердзілі, што такія акцыі рабіць трэба. Усе ахвоча бралі інфармацыйныя матэрыялы. Здаралася, што прачытаўшы ўлётку, некаторыя выбягалі з машыны і крычалі: «Жыве Беларусь!».
Таксама людзі падыходзілі да намёту, прасілі зрабіць фотаздымак і патрымаць бел-чырвона-белы сцяг — прынамсі патрымаць.
Але былі іншыя рэакцыі: за чый гэта кошт, ды каму патрэбная такая дэмакратыя (маўляў, у Польшчы дэмакратыя, а дарогі кепскія).
Пераважна, такія пытанні задавалі маладыя людзі.
Але адказам для іх магло быць і тое, што калі арганізатары спрабавалі атрымаць дазвол на акцыю ў кіраўніка памежных войскаў, адказ быў нечаканы: «Тут вам не Беларусь, каб на ўсё дазволы атрымліваць, хочаце — рабіце».
Арганізатары адзначылі, што гэтая «16-ка для іх найбольш удалая», бо, па-першае, акцыя была скіраваная на беларусаў, па-другое, споўніла найбольш неабходную функцыю, — інфармаванне ў час татальнай інфармацыйнай ізаляцыі Беларусі.
Калі сцямнела, быў наладжаны паказ фільму «Плошчы» Юрыя Хашчавацкага, палітычных кліпаў і мультфільмаў.
Многія вандроўнікі з Польшчы ў Беларусь падыходзілі да інфармацыйнага намёту і прасілі запісаць ім інфармацыйныя матэрыялы на свае носьбіты, паколькі дыскі для раздачы ўжо скончыліся.
Янка Багушэвіч.
Беларускае Радыё
|