Карэспандэнт «Нямецкай Хвалі»
папрасіла ўдзельнікаў падзей 19-ага сакавіка 2006 года расказаць, якім ім запамятаваўся той дзень і што б яны тады змянілі, калі б у іх была такая магчымасць.
Падзеі 19 сакавіка 2006 года грамадска актыўныя беларусы памятаюць вельмі добра. Для многіх гэты дзень стаў легендай. Эмацыйна ўзгадвае нядзельны вечар гадовай даўніны адвакат Вера Страмкоўская:
— Канешне, я памятаю ўсё вельмі добра. Калі мы ехалі ў тралейбусе, то разам з намі былі людзі з кветкамі. Было халодна, але людзі ехалі з ірысамі. І апынулася, што ўсе тыя людзі таксама рушылі на плошчу. Калі выйшлі, дык убачылі вялікае чалавечае мора. Над ім луналі беларускія сцягі, а таксама пэўныя надзеі і паветра абнаўлення. Немагчыма нават выказаць, якое энергетычнае поле было тады. Гэта было ўсё надзвычай кранальна.
На плошчу, якую пасля сакавіцкіх падзей мінулага года сталі неафіцыйна называць імем Кастуся Каліноўскага, у першы вечар пасля выбараў сабраліся па розных ацэнках ад 20 да 40 тысяч чалавек. Сюды з’язджаліся з усіх куткоў Беларусі. З Магілёва прыехала актывістка Крысціна Шацікава, адна з тых, хто потым зарганізаваў на плошчы намётавы гарадок.
— Я не галасавала ў той дзень, бо дабіралася з Магілёва перакладнымі, каб не затрымалі. Ужо 19 сакавіка мы плянавалі ўсталёўваць намёты.
Тагачасны кандыдат у прэзідэнты ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч распавёў пра свой расклад 19 сакавіка 2006 года:- Згодна рашэнню штаба, на працягу дня ў мяне была кватэра, на якой я мог укрывацца. Мяне цалкам маглі перахапіць, і тады мітынг з цяжкасцю праходзіў бы. А потым я з’явіўся на плошчы ў прызначаны час.
Другі дэмакратычны кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін у дзень выбараў працаваў у звычайным рэжыме. Ягоная прэс-сакратарка Ніна Шыдлоўская сведчыць, што:
— 19-га сакавіка ён не хаваўся, гэта я магу сведчыць дакладна. Удзень ён быў па розных сустрэчах і справах, а к вечару была дамоўленасць сустрэцца са спадаром Мілінкевічам каля царквы святой Магдалены. Там планавалі зладзіць невялікую службу за беларускі народ, а потым разам пайсці на плошчу. На жаль, спадар Мілінкевіч туды не прыйшоў і ад яго нікога не было. Разам са святарамі аўтакефальнай царквы мы рушылі са свечкамі і іконамі на Кастрычніцкую плошчу, плошчу Каліноўскага. Мы прыйшлі на мітынг, дзе спадар Мілінкевіч ужо прысутнічаў.
19 сакавіка часта называюць днём няспраўджаных чаканняў. Тысячы людзей, якія знайшлі мужнасць адкрыта выразіць пратэст супраць фальсіфікацыяў, не спраўдзілі на плошчы сваіх спадзяванняў на перамены.
— Было відавочна, што людзі прыйдуць, і калі нехта хацеў весці гэтых людзей за сабой, калі мелася нейкая преграма, трэба было больш задумвацца над дым, куды гэтая энэргія, гэтыя спадзяванні павінны быць накіраваныя. Бо ўсё гэта засталося і растварялася ў тым дні, у той гісторыі, у тый вечар, у той прасторы,- гаворыць адвакат Вера Страмкоўская.
Разам з тым, да прыкладу, журналіст Глеб Лабадзенка, прызнаецца, што нічога не мяняў бы ў тым памятным дні:
— У любым разе я быў бы там, таму што, безумоўна, гэта гістарычная падзея. І гэты факт — няважна, як ён скончыўся — ён ужо ўвайшоў у гісторыю, яго ўжо будуць вывучаць у падручніках. Я шчаслівы, што склалася так, што мне давялося ўдзельнічаць у ролі журналіста, таму я б нічога не мяняў.
З ім згодны і знаны рок-музыка Лявон Вольскі, які таксама ў час апазіцыйных сакавіцкіх акцыяў знаходзіўся на плошчы:
— Звычайна не бывае ніякіх магчымасцей штосьці памяняць, не атрымліваецца зайсці ў адну раку двойчы. Нічога б не мяняў. Гэта былі з майго боку нават не палітычныя крокі. Шмат вельмі музыкаў, літаратараў, людзей мастацтва і культуры былі там. Яны не знайшлі для сябе іншага выйсця, чым пайсці туды, на плошчу.
А моладзевая актывістка Крысціна Шацікава дакладна ведае, якім яна хацела б бачыць развіццё падзей вечара 19 сакавіка 2006 года:
— Па-першае, мы намёты ўсталявалі б 19-га. Мы разлічвалі на нашых лідэраў. 20-га ставілі ўжо самі. Мы зразумелі, што калі не возьмем адказнасць на сябе, дык ніхто іншы не возьме. За гэта мы толькі ўдзячныя нашым лідэрам, бо ўрэшце зразумелі, што мы самі мусім выбіраць і весці за сабой. А што б я змяніла? Сёлета мы ўсё выправім.
Радыё Немецкая Хваля
|