|    У нядзелю, 18 сакавіка, Беларуска-Амэраканскае Задзіночаньне і Згуртаваньне Беларускай Моладзі ў Амэрыцы правялі мітынг і дэманстрацыю салідарнасьці са змагарамі супраць дыктатуры, прысьвечаную гадавіне падзеяў на Плошчы Каліноўскага ў Менску. Дэманстрацыя адбылася перад будынкам штаб-кватэры ААН.  
			Напачатку мітынгу выступіў старшыня Галоўнай управы БАЗА сп. Антон Шукелойць, які нагадаў пра традыцыю пратэстаў беларускай грамады ў Амэрыцы і заклікаў моладзь да актыўнага адстойваньня нацыянальных каштоўнасьцяў і дапамогі для дэмакратыі ў Беларусі. 
			Быў зачытаны зварот Спадарыні Рады БНР Івонка Сурвілы да БАЗА і мітынгоўцаў. Дэманстранты сьпявалі беларускія гімны «Магутны Божа»  і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» , а таксама песьні беларускіх ваяроў. Паветра ўздрыгвала ад магутнага «Жыве Беларусь!». 
			Былі высунутыя патрабаваньні аб спыненьні перасьледу моладзі, вяртаньні беларускай мовы, як адзінай дзяржаўнай мовы ў Беларусі. 
			Ад Эўрапэйскага Зьвязу (прадстаўніцтва краіны старшыні – Германіі месьціцца ў ААН) было запатрабавана улічваць беларускія нацыянальныя правы і правы асобы, а ня толькі расейска-нямецкія эканамічныя выгоды, пры выпрацоўцы пазыцыі адносна дачыненьняў ЭЗ і Беларусі. 
			У дэманстрацыі прымалі ўдзел слынныя дзеячы беларускай грамады ў Амэрыцы Антон Шукелойць, Вітаўт Кіпель, Юрка Кіпель. Ад імя моладзі выступалі з прамовамі Андрусь Чыж і Гражына Залеўская. 
			  
			www.baza-belarus.org 
			 
					   
			 |