Сьледчыя дапытваюць дзясяткі маладафронтаўцаў
20 марта 2007

Актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” другі тыдзень дапытваюць у КДБ і пракуратуры ў крымінальнай справе, якую распачаў КДБ за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Маладафронтаўцы лічаць, што ўлады імкнуцца запалохаць актыўную частку моладзі напярэдадні вясновых акцыяў апазыцыі.

Допыты па ўсёй Беларусі

Сёньня супрацоўнікі КДБ выклікалі на допыт актывістаў у многіх рэгіёнах. Допыты адбыліся, у прыватнасьці, у Нясьвіжы, Жодзіне, Любані, Слоніме і Смалявічах.

Сябра Партыі БНФ Віктар Барысаў адказваў на пытаньні сьледчага КДБ у Смалявічах. Віктар распавёў “Свабодзе”, што ў маленькім гарадку выклік у КДБ — даволі значная падзея:

“Называлі прозьвішчы людзей, супраць якіх заведзеная крымінальная справа. Запытвалі, ці ведаю Корбана, Хведарука, Палажанку, Янушэўскага. Запытвалі не для пратаколу, а так, для сябе, ці ведаю я жодзінскіх актывістаў Красоўскага, Гудзіліна і Каранюхіна. Гэта, хутчэй за ўсё, было зроблена, каб запалохаць перад акцыяй. Такое адчуваньне, што мясцовым гэта абсалютна не патрэбна і яны папросту выконваюць загад”.

Сьледчых цікаваць пляны на 25 сакавіка

Маладафронтаўцы апавялі, што сьледчыя цікавіліся ня толькі роляй у арганізацыі Алега Корбана, Зьмітра Хведарука, Барыса Гарэцкага, Насты Палажанкі й Аляксея Янушэўскага, але й прасілі паінфармаваць пра свае пляны на 25 сакавіка.

Гаворыць Валер Мацкевіч з Бабруйску:

“Гэтыя допыты дзеля таго, каб даведацца перш за ўсё пра цяперашні стан моладзі, каб скласьці нейкі псыхалягічны партрэт, ці каб з большага валодаць сытуацыяй перад 25 сакавіка. У нас у Бабруйску стала больш міліцыянтаў на вуліцах. Правяраюць заплечнікі ў моладзі на наяўнасьць агітацыйнай літаратуры. Іх цікавіць, якім чынам гэтая літаратура трапляе ў рэгіёны. Цяпер правяраюць маршрутныя таксоўкі, вельмі ўважлівыя яны на вакзалах і на шашы. Запушчана рэпрэсіўная машына, каб зьбіць хвалю, ня даць ёё нарасьці, каб 25-га не было выбуху”.

Супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага раёну Менску 20 сакавіка затрымалі пяцёх актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Вока” каля гандлёвага дому “На Нямізе”. Юнакі і дзяўчаты распаўсюджвалі інфармацыйныя ўлёткі супраць русіфікацыі беларускіх школаў.

Маладафронтаўцы паведамілі, што на заўтра, 21 сакавіка, сябры арганізацыі позваў на допыты не атрымлівалі. Супрацоўнікі КДБ і пракуратуры пачалі дапытваць тых, хто раней быў у “Маладым фронце” ці зьяўляецца актывістам іншых апазыцыйных структураў.

 


Любоў Лунёва
Радыё Свабода