Працягваюцца затрыманьні моладзевых актывістаў напярэдадні Дня Волі

22.03.2007

Цягам дня супрацоўнікі міліцыі затрымалі некалькі дзесяткаў актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху ў рэгіёнах і ў Менску. Маладых людзей папярэдзілі пра тое, што 25 сакавіка, калі яны выйдуць на несанкцыянаваны мітынг, то іх прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці.

Некаторых зь іх дапыталі ў крымінальнай справе, распачатай КДБ супраць «Маладога фронту» за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Каля станцыі мэтро «Аўтазаводзкая» міліцыянты затрымалі Мікіту Краснова, актывіста «Вольнай моладзі», арганізацыі, якая стыхійна ўтварылася пад час леташніх падзеяў на Кастрычніцкай плошчы. У яго знайшлі некалькі налепак з заклікам удзельнічаць у акцыі 25 сакавіка. Супраць хлопца распачалі крымінальную справу за падрыхтоўку масавых беспарадкаў. Паводле адваката Мікіты, гэта ёсьць юрыдычным нонсэнсам, бо сама акцыя адбудзецца толькі праз два дні.

Увечары міліцыянты затрымалі актывістку «Маладога фронту» Крысьціну Шацікаву на кватэры яе сяброў у Менску. У Крысьціны двое малых дзяцей, і яе ня могуць трымаць больш за тры гадзіны. Паплечнікі Шацікавай ня могуць атрымаць інфармацыю аб яе месцы знаходжаньня.

Натальлю Старасьціну і Аляксандра Ўрыўскага затрымалі ля пад’езду дому супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. У іх знайшлі газэту «Выбар». Міліцыянты патлумачылі, што распаўсюджваць надрукаваную ў Расеі газэту ў Беларусі нельга. Дзе трымаюць Натальлю і Аляксандра пакуль невядома.

Міліцыянты ад усіх затрыманых патрабуюць паведаміць, дзе знаходзяцца інфармацыйныя матэрыялы і бел-чырвона-белыя сьцягі. Пра актывізацыю дзеяньняў сілавых структур сьведчыць і вялікая колькасьць міліцэйскіх машын на гарадзкіх вуліцах пасьля 7 вечара.

 

Любоў Лунёва
Радыё Свабода