|    
					  
					  Учора, 25 сакавіка, у Берасці адбыліся мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Волі — дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі. 
					
					  Упершыню за апошнія гады прадстаўнікі дэмакратычных сіл Берасця супольна адзначалі гэтае свята. Пры тым, што значная колькасць берасцейскіх актывістаў паехала ў гэты дзень на святкаванне Дня Волі ў Менск, удзел у святочных мерапрыемствах узялі агулам каля 70-ці чалавек. 
					У 12-00 у 3-х мікрараёнах горада (Цэнтр, Кавалёва, Усход) актывісты дэмакратычных сіл раздавалі мінікам віншаванні з нагоды Дня волі ад імя Партыі БНФ і інфармацыйны бюлетэнь Берасцейскай абласной арганізацыі БСДП «Грамада» «Разам з народам». 
					Падчас раздачы каля ЦУМа былі затрыманыя Старшыня Берасцейскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі, актывіст гэтай партыі Юрый Жыдовіч і актывіст БСДП «Г» Антон Стасюк. Затрыманых даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе, адпаведна ілжывым рапартам супрацоўнікаў міліцыі, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы Берасцейскага гарвыканкама Дубіна С.В. склаў на ўсіх траіх пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні — распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных. 
					У 14-00 у мікрараёне «Усход-6» пачаўся футбольны турнір, прысвечаны 89-й гадавіне абвяшчэння БНР. Удзел у турніры бралі каманды Аб'яднанай грамадзянскай партыі, БСДП«Г», Партыі БНФ, Партыі Камуністаў Беларускай. Пераможцы турніра, каманда БСДП «Г», атрымалі каштоўныя прызы і кубак. Адзначым, што турнір праходзіў пад пільным наглядам супрацоўнікаў міліцыі. 
					Скончылася святкаванне Дня Волі традыцыйным агульным пікніком у лесе.  
					  
					www.dzedzich.org 
					 
					 
					 
					 
					 
					   
                     
                     
                     |