У Брусэлі працягваюцца акцыі, прымеркаваныя да Дня Волі. 24 сакавіка адбыўся паказ фільму Юрыя Хашчавацкага «Плошча», а таксама канцэрт салідарнасьці з Беларуссю славацкай сьпявачкі Петры Джордан. Імпрэзы мелі вялікі посьпех: агулам фільм і канцэрт наведалі каля 70-80 чалавек.
Кадры фільму Юрыя Хашчавацкага выклікалі ў гледачоў жывую рэакцыю – ад сьмеху да абурэньня. Паказ стужкі завяршыўся дыскусіяй пра лёс Беларусі і яе жыхароў. Канцэрт Пэтры Джордан атрымаўся сапраўды еўрапейскім: сьпяваючы па-ангельску, сьпявачка са Славакіі заклікала прысутных да салідарнасці з беларускім народам.
«У нас нічога не было б без Аксамітнай рэвалюцыі, – зьвярнулася Пэтра Джордан да слухачоў пад час канцэрту. – Калі б мы не прайшлі праз гэта, я наўрад ці мела б магчымасьць быць сёньня на гэтай сцэне. Таму я кажу ўсім, хто мяне зараз чуе, і прашу вас перадаць гэта іншым людзям: вы сёньня прыйшлі на цудоўны канцэрт, але не забывайцеся, што дыктатуры яшчэ існуюць – і менавіта апошняя еўрапейская дыктатура ў Беларусі. Мы павінны дапамагчы людзям паверыць, што надышоў час зменаў. І яны хутка прыйдуць!»
Паказ фільму і канцэрт былі арганізаваныя Офісам за дэмакратычную Беларусь і прайшлі пад патранажам Дэлегацыі па адносінах з Беларуссю ў Еўрапейскім Парламенце. Падтрымку імпрэзаў здзяйсняла таксама Нямецкая фундацыя Маршала (ЗША) і славацкая дэлегацыя групы Еўрапейскай народнай партыі-Еўрапейскіх дэмакратаў ў Еўрапарламенце.
Варта адзначыць, што гадавіну сакавіцкіх падзеяў Офіс вырашыў адзначыць найперш культурніцкімі акцыямі, аб’яднанымі ў адзін праект пад агульнай назвай «Мінск, плошча Каліноўскага, Сакавік 2006». Гэтак, 14 сакавіка ў Брусэлі была адчыненая фотавыстава, прысьвечаная сакавіцкім пратэстам, а таксама адбыўся выступ беларускага Свабоднага тэатру, які прэзэнтаваў спэктаклі «Быць Гаральдам Пінтэрам» і «Пакаленне Джынс». Знаёміць замежжа з Беларуссю праз культуру – новы напрамак дзейнасці Офіса, які будзе актыўна развівацца ў бліжэйшы час.
Хартыя`97
|