Таццяна Клiмава-Леановiч: «Я знаходжуся ў глыбокiм шоку...»

15.04.2007

Чарговы арышт i змяшчэнне ў Мiнскi следчы iзалятар Андрэя Клiмава стала нечаканасцю i для самога палiтыка, якi толькi 20 снежня 2006 года выйшаў на волю, i для яго сям'i — трох непаўналетнiх дзяцей, жонкi Таццяны Клiмавай-Леановiч, мацi, якая, дарэчы, з'яўляецца iнвалiдам, Алы Пятроўны Клiмавай. Нядоўгiм было сямейнае шчасце. Таццяна Клiмава прызнаецца, што зараз знаходзiцца «ў глыбокiм шоку».

Андрэй Клiмаў не збiраўся за краты адназначна: у ахвотку дзялiўся сваiмi планамi адносна палiтычнай дзейнасцi, сямейнага жыцця, лiтаратурнымi праектамi. Толькi-толькi знайшоў у Маскве працу (як былыя дэпутаты, што патрапiлi ў апалу ўлад, шукаюць «дома» працу, расказваць не трэба: без работы сядзяць Сяргей Скрабец, Уладзiмiр Парфяновiч, многiя-многiя iншыя палiтыкi). Калi б не тое, што адбылося, — зараз Клiмавы ўжо жылi б у Маскве. Сям'я рыхтавалася да пераезду i спакойнага размеранага жыцця. Нiчога не паказвала на бяду. I тут на табе: з цягнiка патрапiў за краты.

Што адбываецца вакол Андрэя Клiмава? Гэтае пытанне «Народная воля» адрасавала самаму блiзкаму чалавеку зняволенага — жонцы Таццяне Клiмавай-Леановiч.

— Я атрымала лiст ад Андрэя, але iнфармацыi там няма — гэта глыбока асабiсты лiст. Тое, што здарылася з Андрэем, не ўкладваецца нi ў якiя рамкi. Андрэй як палiтык знаходзiцца на вастрынi ўвагi, вядомыя сiлы дбайна адсочваюць ягоны лёс. Што кiравала гэтымi сiламi, якiя вось так проста ўзялi яго i закрылi на два месяцы, — не ведаю. Я дрэнна сябе адчуваю, даруйце...

— Цi праўда, што Андрэй знайшоў працу ў Маскве? Цi азначае гэта, што Вы, сям'я, збiралiся перабрацца на сталае месцажыхарства менавiта ў Маскву?

— Так. Адразу пасля выхаду з Баршчоўкi (Гомельская вобласць, дзе А.Клiмаў адбываў пакаранне за арганiзацыю “беларускай рэвалюцыi” 25 сакавiка 2005 года. — Аўт.) Андрэй пачаў шукаць сябе i сваё месца ў жыццi. Аднак яго травiлi мэтанакiравана, яму сказалi прама i адкрыта: мы не толькi працаваць тут табе не дадзiм, мы i жыць табе тут не дадзiм. Пасля гэтага Андрэю давялося задумацца, што i як рабiць далей.

— Як дзецi паставiлiся да таго, што адбылося?

— Дрэнна...

— Што адбылося? Нехта кажа, што, даведаўшыся пра крымiнальную справу, Андрэй сам пайшоў у пракуратуру высвятляць абставiны, нехта гаворыць, што Андрэя затрымала мiлiцыя. Абсалютна процiлеглая iнфармацыя...

— У панядзелак (2 красавiка. — Аўт.) Радыё Свабода паведамiла, што супраць Андрэя Клiмава ўзбуджана крымiнальная справа. Лiчу, што «ўцечка» iнфармацыi адбылася не без дапамогi пэўных служб. Пра гэта сведчыць i тое, што крыху пазней начальнiк следчага аддзела пракуратуры Мiнска Сяргей Iваноў даў iнтэрв'ю сайту «Салiдарнасць», дзе ўсё расклаў па палiчках: што ўзбуджана крымiнальная справа, па якiм артыкуле, падкрэслiваў, што гэта — асабiстая праблема Клiмава. Мы ж — нi Андрэй, нi я — нi пра якую крымiнальную справу не ведалi. Нам сталi тэлефанаваць знаёмыя, сябры, журналiсты... I Андрэй сам пайшоў у пракуратуру даведацца, якiя да яго прэтэнзii...

Я магу дапусцiць, што пасля выступлення Лукашэнкi на гароднiннай базе, калi ён пагражаў, што надае «па мордах i саплях» усiм, хто замахваецца на ягоную ўладу, пракуратура ўзяла пад казырок i знайшла артыкул, якi б хоць аддалена нагадваў гэты самы «замах на ўладу». I папярэдняй датай узбудзiла крымiнальную справу. I самае непрыемнае, што гэта зроблена пры дапамозе незалежных СМI.

— Вы маеце хоць нейкую надзею?

— Я адкажу вам старажытнагрэчаскiм выслоўем: надзея водзiць за нос няшчасных людзей. Я заўсёды гляджу i глядзела на свет рэальна. Вось толькi зараз знаходжуся ў глыбокiм шоку, таму мозг адмаўляецца аналiзаваць, што адбываецца...

 

ДАВЕДКА

3 красавiка 2007 года пракуратура Мiнска прад'явiла Андрэю Клiмаву абвiнавачванне па частцы 3 артыкула 361 Крымiнальнага кодэкса — заклiкi да сiлавога звяржэння канстытуцыйнага ладу праз сродкi масавай iнфармацыi. Артыкул прадугледжвае ад двух да пяцi гадоў зняволення.

Палiтык сам прыйшоў у пракуратуру праверыць звесткi, якiя сталi вядомы яму з розных крынiц. У гарадской пракуратуры А.Клiмаву прад'явiлi абвiнавачванне, мерай стрымання палiтыку абраны арышт на два месяцы.