|    Прэм’ер-міністар Бэльгіі Гі Вэрхофштат заявіў у Варшаве, што эўрапейскі кантынэнт нельга назваць «кантынэнтам дэмакратыі», пакуль недэмакратычнай застаецца Беларусь. Кіраўнік бэльгійскага ўраду прадставіў таксама сваю апошнюю кнігу ў перакладзе на беларускую мову. 
			
					  Гі Вэрхофштат сутрэўся ў Варшаве са сваім польскім калегам Яраславам Качынськім, зь якім абмяркоўваў пераважна пытаньні, зьвязаныя з будучыняй Эўрапейскага зьвязу.  
			Кіраўнік бэльгійскага ўраду заявіў, што ў будучым неабходна стварыць нешта накшталт Злучаных Штатаў Эўропы, з агульным урадам, прэзыдэнтам, войскам. Эўразьвяз, паводле ягоных словаў, не павінен спыняць сваё пашырэньне і клапаціцца пра тое, што адбываецца ў цяперашніх суседзяў аб’яднанай Эўропы, перадусім у Беларусі.  
					  Гі Вэрхофштат: «Пакуль Беларусь ня будзе вольнай, эўрапейскі кантынэнт нельга назваць кантынэнтам дэмакратыі». 
			Вэрхофштат: «Мэта Эўразьвязу — забясьпечыць мір, дэмакратыю і дабрабыт на нашым кантынэнце. Але мы не дасягнем гэтай мэты, пакуль усе эўрапейскія краіны ня будуць карыстацца гэтымі каштоўнасьцямі. Я кажу таксама і пра суседзяў Эўразьвязу, у першую чаргу пра Беларусь. Пакуль Беларусь ня будзе вольнай, эўрапейскі кантынэнт нельга назваць кантынэнтам дэмакратыі».  
			Спадар Вэрхофштат прадставіў у Варшаве сваю апошнюю кнігу, прысьвечаную ягоным поглядам на будучыню аб’яднанай Эўропы надрукаваную па-польску і, што стала нечаканасьцю, па-беларуску.  
			  
			Аляксей Дзікавіцкі 
Радыё	Свабода 
			 
					   
			 |