Прэзэнтацыя «Плошчы» ў Вільні

16.04.2007

У Вільні ў панядзелак увечары адбылася прэзэнтацыя кнігі «Плошча» — дванаццатай кнігі з сэрыі «Бібліятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзя». Кніга прысьвечаная падзеям 19-25 сакавіка 2006 году ў Менску.

Прэзэнтацыя кнігі «Плошча» мусіла б прайсьці ў кожным беларускім горадзе. Яна мае права на тое, каб прайсьці ў кожнай эўрапейскай сталіцы, а таксама ў Амэрыцы, бо пра Плошчу пісалі вельмі шмат і паўсюль.

Чаму другая пасьля Менску прэзэнтацыя адбываецца ў Вільні? Узгадайце, як называлася гэтая Плошча — назва «Плошча Каліноўскага» ўзьнікла ўжо на другі дзень.

16 красавіка — Дзень Салідарнасьці, які адзначаецца ў Беларусі, і з раніцы мы з рэдактарам кнігі Сяргеем Дубаўцом, з мастаком Генадзем Мацурам, з адным з герояў кнігі пісьменьнікам Уладзімерам Арловым былі на Замкавай гары, ля вежы Гедыміна, дзе пахаваны Кастусь Каліноўскі. І вось, на магіле Каліноўскага я знайшоў невялікі каменьчык і прынёс яго з сабою на гэтую прэзэнтацыю…

Сама імпрэза адбылася ў сядзібе новай установы, якая мае назоў «Дом правоў чалавека». Прыйшлі пазнаёміцца з кнігай студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, віленчукі, госьці і сябры беларускай справы, якія жывуць у Вільні і якія прыехалі зь іншых гарадоў. Было і Літоўскае тэлебачаньне.

Перад прысутнымі выступілі стваральнікі кнігі. Рэдактар Сяргей Дубавец — ня толькі рэдактар, але і чалавек, які знаходзіўся на Плошчы і эмацыйна прапускаў тыя падзеі празь сябе:

«Безумоўна, так яно й было. Паміма таго, што гэта мая прафэсійная праца — рэдактура, зразумела, я адчуваў, што адбываецца вялікая падзея, якая мусіць застацца ў гісторыі і бадай цяжка прыдумаць нейкую іншую форму, чым даць храналёгію, даць жывыя галасы, даць выказваньні, што называецца, «з калёс» беларускіх мысьляроў, паэтаў, музыкаў. Усё гэта ўвайшло ў гэтую кнігу».