У Маскве прайшлі некалькі акцый салідарнасці з беларусамі

18.04.2007

16 красавіка 2007 года грамадзяне Беларусі і Расеі правялі ў цэнтры Масквы акцыю, прысвечаную Дню салідарнасці з палітвязнямі, рэпрэсаванымі людзьмі Беларусі. Фарматам мерапрыемства стала своеасаблівая хвіліна маўчання: удзельнікі акцыі ўшанавалі памяць зніклых палітыкаў і выказалі свой пратэст у дачыненні актаў гвалту, накіраваных на грамадзянскую супольнасць Беларусі ў цэлым.

Адзін з арганізатараў акцыі, Андрэй Новікаў заявіў, што «мне вельмі прыемна тое, што людзі падтрымалі гэтую ініцыятыву, яны прыйшлі да будынка Амбасады Беларусі, каб выказаць сваё меркаванне наконт таго, што адбываецца сёння ў гэтай краіне. Мы падрыхтавалі некаторыя патрабаванні да ўлад Беларусі, сярод якіх вызваленне ўсіх палітвязняў, правядзенне адкрытых расследаванняў па справах знікненняў палітыкаў і журналістаў».

Пасля пікету грамадзяне Беларусі і Расеі сабраліся каля помніка Янку Купале ў Маскве, каб ушанаваць памяць вялікага беларуса і ўскласці кветкі. Акрамя таго, арганізатары акцыі маюць намер правесці шырокі паказ у Маскве дакументальнага фільма Юрыя Хашчавацкага «Плошча».