У Дзень салідарнасці, 16 красавіка ў цэнтры Таліна ў парку Таамсаары прайшоў 15-мінутны флэш-моб, падчас якога прыкладна 20 чалавек моўчкі чыталі газеты з загалоўкам на перадавіцы: «Нявінны занятак? У Беларусі ты патрапіў бы за гэта ў турму!». Мэтай акцыі, арганізаванай Групай падтрымкі Беларусі, было звярнуць увагу грамадскасці на тое, што ў нашай краіне адсутнічаюць свабода слова і свабода друку.
«На акцыі пратэсту ў Маскве, якія прайшлі ў гэтыя выходныя, сродкі масавай інфармацыі Эстоніі адрэагавалі навінамі на перадавіцах і вялізнай колькасцю артыкулаў», — сказаў сябра Групы падтрымкі Беларусі Крыстэр Парыс. «Але вялікая колькасць людзей не ведае, што ў Беларусі такая дэманстрацыя сілы даўно стала звычайнай справай. Самы малы выраз незадаволенасці ўладамі — напрыклад, публічнае чытанне апазіцыйных выданняў — можа пацягнуць за сабою арышт і збіванне ў міліцэйскіх участках», — растлумачыў Парыс сімвалічнае значэнне маўклівай акцыі.
Групу падтрымкі Беларусі ў Эстоніі заснавалі грамадзянскія аб`яднанні, а таксама прыватныя асобы, якія бралі ўдзел у 2006 годзе ў прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў якасці незалежных назіральнікаў. Пры падтрымцы Фонду Адкрытай Эстоніі Дзень салідарнасці адзначаецца ў Эстоніі з кастрычніка 2005 года.
Хартыя`97
|