Адбылася прэс-канферэнцыя Аргкамітэту па правядзеньню Чарнобыльскага шляху
24 апреля 2007

Гадзінай смутку, запаленымі сьвечкамі пад гукі чарнобыльскага звону менчукі адзначаць чарговую, 21 гадавіну Чарнобыльскай трагедыі.

Аргкамітэт па правядзеньню Чарнобыльскага шляху–2007 правёў 24 красавіка прэс-канферэнцыю, на якой была агучана інфармацыя пра апошнія перамовы са сталічнымі уладамі наконт правядзеньня шэсьця 26 красавіка. Было падкрэсьлена, што паколькі Менгарвыканкам адмовіў заяўнікам у зборы на плошчы Якуба Коласа, людзі мусіць будуць зьбірацца каля Акадэміі навук, адкуль шэсьце накіруецца па вуліцы Сурганава да чарнобыльскай каплічкі на вуліцы Карастаянавай (непадалёку ад плошчы Бангалор).

У той жа час, як адзначылі прадстаўнікі аргкамітэту, учора ў суд Маскоўскага раёну сталіцы накіравана скарга на дзеяньні Менгарвыканкама, які па надуманых падставах, супрацьзаконна адмовіў заяўнікам акцыі. Адначасова было прапанавана прыпыніць дзеяньне рашэньня Менгарвыканкама да судовага разгляду. Акрамя таго, гэтымі днямі будуць працягнуты перамовы са сталічнай міліцыяй наконт праходу вуліцы Сурганава па праезжай частцы, паколькі зараз на яе ходніках вядуцца рамонтныя работы.

Лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка паведаміў, што адной з ініцыятыў Народнага фронту зьяўляецца дапамога хворым дзецям, пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС. «Мы не маем маральнага права абмяжоўвацца толькі днём 26 красавіка, днём Чарнобыльскай трагедыі. Дапамога павінна быць пастаяннай», — заявіў ён. Вінцук Вячорка распавёў пра наведваньне дзіцячай анкалогіі ў Бараўлянах, пра тое, у чым маюць патрэбу дзеці, якія праходзяць тут курс лячэньня і іх бацькі. Таксама ён спыніўся на планах адносна аказаньня дапамогі дзецям, якія стала пражываюць у забруджанай зоне.

Старшыня аргкамітэту Чарнобыльскі шлях, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі Іван Нікітчанка падрабязна спыніўся на планах беларускага ураду па будаўніцтву ў нашай краіне АЭС. «Тыя 20 адсоткаў электраэнергіі, што зьбіраюцца атрымаць празь яе будаўніцтва, можна атрымаць іншымі шляхамі», — заявіў ён. — Найперш, праз мадэрнізацыю тэхналёгіяў. У адным толькі аграрным сэктары мы можам значна больш зэканоміць энэргіі, чым дасьць новая АЭС».

Іван Нікітчанка выказаў занепакоенасьць тым, што дагэтуль не гатовае тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне, а ўсе падрыхтоўчыя работы вядуцца без іх шырокага абмеркаваньня і адпаведных міжнародных экспертыз. Урэшце рэшт павінен быць праведзены агульнарэспубліканскі рэферэндум, згодна з яго вынікамі і неабходна прымаць адпаведнае рашэньне. Сярод іншых негатыўнах фактараў Нікітчанка назваў праблему падрыхтоўкі адпаведных кадраў, для чаго патрэбна не меней за дзесяць гадоў, праблему адсутнасьці сыравіны, якую ізноў жа трэба набываць у Расеі. Таму галоўны аргумент дзяржавы на карысьць будаўніцтва АЭС — незалежнасьць ад расейскіх крыніц энергіі — проста не спрацоўвае. Як падкрэсьліў Іван Нікітчанка праблеме будаўніцтва АЭС у Беларусі будзе надавацца сёлета першачарговая ўвага.

 

ПЦ «Вясна»