Freedom House: Беларусь — у аўтсайдэрах паводле свабоды прэсы
1 мая 2007

Праваабарончая арганізацыя Freedom House апублікавала штогадовую справаздачу, прысьвечаную сытуацыі ў галіне свабоды прэсы ў сьвеце ў 2006 годзе. Як і ў мінулыя гады, Беларусь аднесеная да ліку несвабодных краінаў і займае адно з апошніх месцаў у сьпісе 195 дзяржаваў сьвету.

У справаздачах, якія Freedom House публікуе з 1980 году, ацэньваецца ступень свабоды распаўсюджваньня інфармацыі праз друкаваныя выданьні, радыё і тэлебачаньне, а таксама праз інтэрнэт.

У сёлетнім дакумэнце адзначана, што за 2006 год у некаторых краінах якраз інтэрнэт стаў аб’ектам цэнзуры або быў закрыты доступ да паасобных сайтаў.

У сэнсе свабоды мэдыяў, паводле Freedom House, зь ліку 195 краінаў сьвету 74 — свабодныя, 58 — часткова свабодныя — і 63 — несвабодныя. Найлепшая сытуацыя ў Фінляндыі і Ісьляндыі, а таксама ў Бэльгіі, Даніі, Нарвэгіі і Швэцыі. Што да былых камуністычных краінаў і краінаў СНД, дык мэдыі найболей свабодныя ў Эстоніі, Чэхіі, Літве, Латвіі і Славаччыне, а найменей свабодныя ў Туркмэністане і Ўзбэкістане.

У агульным сьпісе Беларусь пастаўлена на 186-м месцы. Горшыя за яе ў сэнсе свабоды слова і друку краіны — Паўночная Карэя, Туркмэністан, Лібія, Куба, Бірма, Эрытрэя, Узбэкістан, Зымбабвэ і Экватарыяльная Гвінэя. У гэтых краінах, паводле Freedom House, свабодныя мэдыі або ўвогуле не існуюць, або распаўсюджваюцца ў такіх невялікіх маштабах, якіх недастаткова, каб данесьці да грамадзтва альтэрнатыўную, непадцэнзурную інфармацыю.

Паводле справаздачы Freedom House, беларускія ўлады пайшлі па шляху ня проста грубага закрыцьця выданьняў, але іх максымальнага абмежаваньня нібыта ў рамках існуючага заканадаўства. Freedom House канстатуе, што ўлады ў Беларусі скарыстоўваюць дзяржаўную манаполію на друк і распаўсюджваньне пэрыядычных выданьняў.

«Усьлед за такімі краінамі, як Расея, беларускія ўлады спрабуюць кантраляваць таксама і інтэрнэт — апошнюю крыніцу незалежнай думкі. Паколькі дзяржаўная кампанія «Белтэлекам» зьяўляецца манапалістам на рынку электронных мэдыяў, улады блякуюць некаторыя інтэрнэт-старонкі ў моманты, асабліва істотныя для рэжыму, напрыклад, падчас выбараў», — паведамляецца ў сёлетняй справаздачы Freedom House пра свабоду слова і друку ў сьвеце

 

 


Кастусь Бандарук
Радыё Свабода