|    У маёўцы, якую арганізавалі апазыцыйныя левыя сілы ў менскім парку Дружбы народаў, удзельнічалі пад дзьве тысячы чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі. Гучалі ня толькі прамовы палітыкаў, але й выступы музыкаў. Мітынгоўцы патрабавалі вызваліць палітвязьняў і сацыяльна абараніць працоўных. 
			
					  На пляцоўцы ў парку Дружбы народаў сёньня панавала эклектыка. Чырвоныя сьцягі камуністаў, палотнішчы лібэралаў з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, бел-чырвона-белыя з ружай сьцягі сацыял-дэмакратаў з «Грамады», а таксама сьцягі Менску, Эўрапейскага Зьвязу, прафсаюзныя, анархістаў.  
			Мэлёдыі рэвалюцыйных маршаў перапынялі рок-гіты.  
			Адным зь першых на мітынгу выступіў лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін:  
			«Нашы людзі пазбаўленыя многіх правоў, гарантаваных Канстытуцыяй. Сёньня права чалавека на свабодную працу зьнівэлявана прыніжальнымі кароткатэрміновымі кантрактамі, якія ператварыліся з інструмэнту абароны працоўных у інструмэнт іх прыгнёту».  
			Сяргей Калякін нагадаў, што ў Беларусі парушаюцца правы прафсаюзаў, няма свабоды асацыяцыяў і нямала людзей сядзяць у турмах за палітычную дзейнасьць.  
			Тэма палітвязьняў была адной з асноўных на мітынгу.  
			Вось як прамаўляў выканаўца абавязкаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Анатоль Ляўковіч:  
			«Мы патрабуем — свабоду Беларусі! Свабоду! Свабоду Казуліну! Свабоду! Свабоду ўсім палітвязьням! Свабоду! Жыве вольная, салідарная Беларусь! Жыве!» 
			Свабоды для палітвязьняў патрабавалі ў сваіх выступах былы дэпутат і палітвязень Сяргей Скрабец, сакратар Партыі камуністаў Валер Ухналёў, прадстаўнік аргкамітэту руху «Разам» Юры Глушакоў ды іншыя прамоўцы.  
			Таксама гучалі патрабаваньні адмены кантрактнай сыстэмы, падвышэньня заробкаў і пэнсіяў, абараніць малы і сярэдні бізнэс, пакінуць ільготы для пэнсіянэраў, студэнтаў і школьнікаў, пакінуць бясплатную адукацыю й мэдыцыну.  
			Патрабавалі й гарантаваць канстытуцыйныя палітычныя правы грамадзянаў.  
			Усе гэтыя патрабаваньні ўвайшлі ў выніковую рэзалюцыю мітынгу.  
			Прамовы палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў перамяжоўваліся выступамі паэтаў і бардаў Андрэя Хадановіча ды Зьмітра Бартосіка, вакалістаў гуртоў «Таварыш Маўзэр» і «Чырвоным па белым» ды іншых выканаўцаў.  
			Пасьля мітынгу прайшоў сход ініцыятыўнай групы за тое, каб адмяніць у Беларусі кантрактную сыстэму.  
					 
			  
			Альгерд Невяроўскі 
Радыё	Свабода	 
					   
			 |