БХК супраць сяброўства Беларусі ў Радзе ААН па правах чалавека
4 мая 2007

У сувязі з заявай Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры Арганізацыі Аб`яднаных Нацый аб вылучэнні кандыдатуры Рэспублікі Беларусь у сябры Рады ААН па правах чалавека РГА Беларускі Хельсінкскі Камітэт (БХК) заяўляе наступнае:

БХК вітае жаданне ўрада Беларусі ўвайсці ў склад Рады ААН па правах чалавека, а таксама яго абяцання працягнуць сваю працу па заахвочванні і абароне правоў чалавека і няўхільна прытрымлівацца курсу на супрацоўніцтва з спецыяльнымі тэматычнымі працэдурамі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку падаваць усю запытаную інфармацыю.

Разам з тым, БХК адзначае сістэматычнае невыкананне Рэспублікай Беларусь сваіх абавязальніцтваў у рамках ААН, а менавіта:

Урад Беларусі ігнаруе рэзалюцыі інстытутаў ААН па правах чалавека, якія выказалі заклапочанасць пагаршэннем сітуацыі ў краіне, а таксама ігнаруе рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека, прынятыя па індывідуальных скаргах.

Урад ухіляецца ад супрацоўніцтва з Спецыяльным дакладчыкам па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Адрыянам Севярынам, які на свае запыты не атрымаў адказу ад улад Беларусі.

Беларусь таксама не прадставіла даклады аб сітуацыі з правамі чалавека Камітэту па эканамічных, сацыяльных і культурных правах (падлягаў паданню ў 1999 г.), Камітэту па правах чалавека (падлягаў паданню ў 2001 г.) і Камітэту супраць катаванняў (падлягаў паданню ў 2004 г.).

Не выкананыя рэкамендацыі Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне, Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў, а таксама Працоўнай групы па адвольных затрыманнях, накіраваныя на паляпшэнне становішча ў Беларусі.

БХК увесь час вядзе маніторынг сітуацыі з правамі чалавека і адзначае, што ў краіне парушаюцца прынцыпы дэмакратыі, вяршэнства закона і асноўныя правы чалавека, у тым ліку права на ўдзел у вядзенні дзяржаўных спраў, свабоду выказвання, свабоду асацыяцый і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама права на мірныя сходы.[3] Суды не з`яўляюцца эфектыўнай прыладай абароны правоў, а стандарты справядлівага судовага разгляду ігнаруюцца. Не расследуецца магчымае дачыненне вышэйшых службовых асоб Беларусі да знікненняў людзей.

У 2006 годзе палітычныя і грамадскія актывісты, а таксама вернікі розных канфесій шматкроць звярталіся да абвяшчэння галадовак, не знаходзячы іншага спосабу абароны сваіх правоў і пратэсту супраць рэпрэсій. Цягам года больш як тысяча чалавек былі арыштаваныя на розныя тэрміны па палітычных матывах.

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сакавіку 2006 г. не адпавядалі нормам і стандартам дэмакратычных выбараў, а наступная кампанія па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў паказала далейшую непавагу ўладамі права грамадзян на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.

У выніку палітычнай і эканамічнай няволі, сацыяльныя праблемы працягваюць пагаршацца, у той час як ахова здароўя і сацыяльнае забеспячэнне апынуліся не ў стане задаволіць асноўныя патрабаванні найбольш уразлівых груп насельніцтва. У 2006 годзе смяротнасць у Беларусі перавысіла нараджальнасць на 41 тысячу чалавек.

Рэзалюцыяй 60/251 Генеральная Асамблея ААН заснавала дапаможны орган — Раду па правах чалавека, які павінен адказваць за садзейнічанне ўсеагульнай павазе і абароне ўсіх правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Паводле рэзалюцыі 60/251, сябры Рады павінны падтрымліваць самыя высокія стандарты заахвочвання і абароны правоў чалавека.

БХК лічыць, што ўключэнне Рэспублікі Беларусь у склад Рады магчымае толькі пасля выканання рэкамендацый спецыяльных тэматычных працэдур ААН і прыняцця пэўных мер па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.