В. Гавэл супраць членства Беларусі ў Радзе правоў чалавека ААН

08.05.2007

Былы прэзыдэнт Чэхіі, член арганізацыі «Грамадзянская Беларусь» Вацлаў Гавэл асудзіў вылучэньне кандыдатуры Беларусі на членства ў Радзе правоў чалавека ААН.

«17 траўня Генэральная Асамблея ААН будзе разглядаць кандыдатуры новых членаў Рады правоў чалавека ААН — галоўнага органу Аб’яднаных нацыяў для падтрымкі і абароны правоў чалавека ў сьвеце. Адной з краінаў, якая імкнецца стаць членам Рады, зьяўляецца Беларусь.

Я доўга сачу за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі, і стан правоў чалавека ў гэтай краіне выклікае ўва мне пастаянную занепакоенасьць. Там працягваецца крымінальны перасьлед дэмакратычных актывістаў, незалежных мэдыяў і недзяржаўных арганізацыяў, а тыя зь іх, што вытрымалі, у літаральным сэнсе слова змагаюцца за выжываньне. Сытуацыя не паляпшаецца, хутчэй наадварот. Беларускі ўрад, сярод іншага, дасюль не пусьціў у краіну спэцыяльнага дакладчыка ААН у справе правоў чалавека ў Беларусі. Таму Генэральная Асамблея ААН у сьнежні летась у сваёй рэзалюцыі 61/175 выказала глыбокую занепакоенасьць з нагоды нежаданьня беларускага кіраўніцтва супрацоўнічаць з Радай правоў чалавека ААН.

Сытуацыю ў Беларусі крытыкуе Эўрапейскі Зьвяз і многія паважаныя міжнародныя арганізацыі. Самі беларусы, якія працуюць у праваабарончых арганізацыях, кандыдатуру ўласнай краіны адкідаюць. Паводле заключэньня Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, пакуль ніводныя выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам, а Беларусь зьяўляецца адзінай эўрапейскай краінай, якая не датрымала крытэрыі членства ў Радзе Эўропы.

З вышэйпададзеных прычынаў уважаю імкненьне Беларусі стаць членам Рады правоў чалавека ААН высьмейваньнем намаганьняў усіх свабодамысных беларусаў і міжнароднай супольнасьці, накіраваных на завядзеньне ў краіне вольных і дэмакратычных парадкаў.

Таму заклікаю краіны-члены ААН зноў узважыць кандыдатуру Беларусі і вярнуцца да першапачатковай дамовы, паводле якой новы член павінен абірацца з большай колькасьці прапанаваных кандыдатураў. Гэты прынцып у выпадку вылучэньня адзінага кандыдата ад рэгіянальнай групы (Усходняя Эўропа, Лацінская Амэрыка і Азія) не датрыманы.

Я буду вітаць, калі да маёй пазыцыі далучацца іншыя грамадзяне і арганізацыі, якім не абыякавы стан грамадзянскіх правоў і правоў чалавека ў Беларусі, а таксама добры імідж і ўсеагульная павага, якім карыстаецца Рада правоў чалавека ААН.

7 траўня, Прага

Вацлаў Гавэл»

Да заявы далучыліся і члены арганізацыі «Грамадзянская Беларусь»: Ганна Шабатава, Ян Румл, Ігар Блажэвіч.

Міжнароднае аб’яднаньне «Грамадзянская Беларусь» імкнецца падтрымліваць дэмакратычныя ініцыятывы і розныя формы разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, і ажыцьцяўляе гэтую дзейнасьць у адпаведнасьці з законамі Чэскай Рэспублікі, міжнародным правам і агульнымі прынцыпамі дэмакратычных дзяржаваў. Аб’яднаньне падтрымлівае недзяржаўныя і непрыбытковыя арганізацыі ў Беларусі, уключна з тымі грамадзянскімі ініцыятывамі, якія былі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі пазбаўленыя магчымасьці дзейнічаць легальна.


Радыё Свабода