13.05.2007 |
Брусэльскі Форум адбыўся 27–29 красавіка ў сталіцы Бельгіі. Гэта другі штогадовы форум, які самі арганізатары – Нямецкі фонд Маршала ЗША (GMF) – называюць "сустрэчамі высокага ўзроўню найбольш уплывовых амерыканскіх і еўрапейскіх палітыкаў, бізнэсменаў, інтэлектуалаў, грамадскіх дзеячаў". Ад Беларусі на Форум былі запрошаныя старшыня Палітрады дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандр Мілінкевіч (які не здолеў узяць удзел у мерапрыемстве), каардынатар Хартыі’97, была намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саннікаў і лідэр ініцыятывы "Мы памятаем" Ірына Красоўская. Пра тое, як праходзіў Форум і ці абмяркоўвалася на ім сітуацыя ў Беларусі прэс-цэнтру Хартыі’97 распавядае Андрэй Саннікаў.
– Распавядзіце больш падрабязна пра Брусэльскі Форум. У чым яго асаблівасць?
– Асаблівасць форума ў тым, што ўсе вострыя праблемы сённяшняга дня разглядаюцца з пункту гледжання ўзаемадзеяння Злучаных Штатаў і Еўропы, гэта значыць, ён носіць трансатлантычны характар. Сам парадак дня сведчыць пра сур`ёзнасць дыскусій: гэта і Ірак, і Іран, і Аўганістан, і Турэччына, і постсавецкая прастора, энергетычныя праблемы, выклікі глабалізацыі. Можна згадаць некалькі назваў секцый, якія там праходзілі, напрыклад: "Энергетычная бяспека", "Грамадзянскія свабоды ў эпоху тэрарызму", "Усход Еўропы – заходнія суседзі Расеі", "Рэгіён Балтыі і Чорнага мора: новы выклік еўраатлантызму?", "Падыходы трансатлантычнай супольнасці да ўзаемаадносін з Кітаем", "Ці патрэбна супрацьракетная абарона Еўропе і Амерыцы?" і гэтак далей.
Узровень удзельнікаў Брусэльскага Форума насамрэч вельмі высокі. Патранаваў форум прэм`ер-міністр Бельгіі Гі Верхафштадт. Можна адзначыць, што там выступаў генеральны сакратар НАТА Яап дэ Хооп Схефер, суддзя Вярхоўнага суду ЗША Стывен Браер, сенатар ЗША Боб Бэнет, Прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус, міністры замежных спраў Швецыі, Грузіі, Канады, Арменіі, міністр унутраных спраў Нямеччыны, еўрапарлементары, прадстаўнікі Еўракамісіі, кангрэса ЗША, вядучых аналітычных цэнтраў Еўропы і Амерыкі.
У той самы час становішча тут нефармальнае. Гэты форум цікавы тым, што за два дні можна атрымаць поўнае ўяўленне пра тое, што адбываецца ў розных рэгіёнах свету і як сусветная эліта ставіцца да праблем, якія існуюць сёння: праблем ваенных канфліктаў, праблем энергетычных, сацыяльных, праблем узаемаадносінаў паміж дзяржавамі Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Можна абсалютна спакойна паразмаўляць з любым з вядучых сусветных палітыкаў і аналітыкаў. Усе секцыі вядуць вядомыя журналісты, прадстаўнікі ўплывовых сусветных выданняў: "Вашынгтон Пост", "Нью-Ёрк Таймс", "Франкфуртэр Альгемайнэ Цайтунг", "Ле Монд", радыёстанцыі "Бі-бі-сі", тэлеканала "Сі-эн-эн", і іншых.
Мэта форума – так званая "зверка гадзіннікаў" – зразумець, што насамрэч адбываецца ў свеце. Чаму форум праходзіў менавіта гэтымі днямі? 30 красавіка адбыўся саміт ЕЗ–ЗША. Напярэдадні саміта ключавыя гульцы мелі магчымасць абмеркаваць адзін з адным пытанні, якія стаялі на парадку дня саміта.
– Якія пытанні сёння найбольш хвалююць палітычную эліту Еўропы і ЗША?
– Безумоўна, варта адзначыць заяву Хаўера Саланы, які толькі што вярнуўся з Турэччыны пасля перамоваў з іранскай дэлегацыяй па пытаннях, якія маюць прамое дачыненне да міжнароднага міру і бяспекі, гэта значыць, па пытаннях ядзерных праграм Ірана. Там даволі адкрыта, з удзелам усіх прысутных, абмяркоўваліся магчымыя шляхі развязання гэтай праблемы. Салана лічыць, што ў Іране дастаткова складаная пабудова грамадства і нельга яго ўспрымаць адназначна, як дзяржаву, якой кіруе адзін чалавек альбо група ісламістаў. Таму ён дапускае магчымасць прамых перамоваў ЗША і Ірана. Даволі спрэчнае сцвярджэнне, але, тым не менш, заява Саланы была свайго роду сенсацыяй.
Бурна праходзіла паседжанне па Расеі, асабліва пасля заявы Пуціна пра фактычнае ўвядзенне мараторыя на выкананне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе. Безумоўна, усе апошнія тэндэнцыі ў Расеі, звязаныя з абмежаваннем свабоды прэсы, з забойствам журналістаў, з разгонам дэманстрацый вельмі моцна хвалююць дэмакратычную супольнасць. Ад Расеі ў форуме ўдзельнічалі старшыня Камітэта Дзярждумы па міжнародных справах Канстанцін Касачоў, лідэр партыі "Яблоко" Рыгор Яўлінскі, некаторыя аналітыкі.
Цікава, што расейскія прадстаўнікі казалі пра тое, што не за гарамі той час, калі ў Еўразвяз будзе ўваходзіць 48 дзяржаў, гэта значыць, такім чынам яны ўключалі і Беларусь, і Малдову, і Грузію, і Азербайджан і Арменію ў склад ЕЗ. Пыталіся, як будуць будавацца стасункі Еўразвяза з Расеяй, калі ў ЕЗ увойдуць 48 краін, а Расея будзе па-за рамкамі Звязу.
– Сітуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася?
– Так, на форуме абмяркоўваліся пытанні, якія звязаныя з Беларуссю. У прыватнасці, казалі пра ролю Расеі ў беларускай палітыцы, падтрымку Расеяй рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку ў міжнародных арганізацыях. На гэтыя пытанні расейскія прадстаўнікі не далі публічных адказаў.
Безумоўна, шмат хто цікавіўся Беларуссю, а там прысутнічалі вышэйшыя прадстаўнікі Еўропы і Злучаных Штатаў Амерыкі, сябры Еўрапейскага і нацыянальных парламентаў, супрацоўнікі Дзярждэпартамента і проста ўплывовыя людзі ў Рэспубліканскай партыі і Дэмакратычнай партыях.
Але каштоўнасць гэтага форума ў тым, што можна пазнаць вельмі шмат з таго, што думаюць вядучыя палітыкі і аналітыкі па той альбо іншай сітуацыі, і ў прыватнасці па Беларусі.
– З кім Вы і Ірына Красоўская сустракаліся на Форуме?
– Шмат з кім – з памочнікам Дзяржсакратара ЗША Дэнам Фрыдам, міністрам замежных спраў Швецыі Карлам Білдтам, віцэ-прэм’ерам Чэхіі Аляксандрам Вондрай, сябрам Нацыянальнага Савета Славацкай Рэспублікі, былым прэм’ер-міністрам Мікулашам Дзурындай, дарадцам Хілары Клінтан, былым намеснікам Дзяржсакратара ЗША Рычардам Холбрукам, кіраўніком Камітэта па міжнародных справах Дзярждумы Расеі Канстанцінам Касачовым, палітыкамі і аналітыкамі з ЗША, Баўгарыі, Польшчы, Латвіі, Нямеччыны, Англіі, Грузіі…
– У Вас была магчымасць падняць на форуме пытанні па Беларусі?
– Я паднімаў пытанне пра прычыны безумоўнай падтрымкі афіцыйнай Беларусі з боку Расеі ў Радзе Еўропы і ААН, і ў цэлым у міжнародных арганізацыях. Судзячы па ўсім, прадстаўнікам Расеі не вельмі падабалася такая пастаноўка пытання. Расея ўсё-ткі хоча выглядаць дэмакратычнай дзяржавай, а занадта відавочная падтрымка беларускага рэжыму, які вядомы самымі грубымі парушэннямі правоў чалавека, зусім не працуе на такі вобраз. Акрамя таго, я нагадаў гісторыю пра спыненне Беларуссю Дамовы аб звычайных узбраеннях у Еўропе ў 1995 годзе, пра тое, што кіраўніцтва Беларусі ўвесь час паўтарае пра сваю гатоўнасць удзельнічаць у антынатаўскіх, антыамерыканскіх дзеяннях Расеі, што, я лічу, вельмі небяспечна для Беларусі. Уцягвацца ў спрэчку ядзерных дзяржаў – проста глупства, бо роля невялікай еўрапейскай дзяржавы павінна засноўвацца на будаванні канструктыўных узаемаадносінаў, дасягненні кампрамісаў для прасоўвання ўласных інтарэсаў, а не на ўдзеле ў канфрантацыі.
Была магчымасць абмеркаваць беларускую сітуацыю і ў кулуарах з вядучымі гульцамі – прадстаўнікамі Злучаных Штатаў і Еўропы. І атрымалася пазнаць шмат цікавага.
Напрыклад, тое, што існуе пакет, прапанаваны афіцыйным Менскам Еўразвязу. Высунутыя Еўрапейскім Звязам умовы для наладжвання стасункаў з Менскам добра вядомыя. Яны былі сфармуляваныя ў неафіцыйным дакуменце летась. Дык вось, Менск прапаноўвае своеасаблівы размен. Беларускія ўлады гатовыя разглядаць пытанні аб вызваленні некаторых асоб з палітвязняў, хоць яны не прызнаюць, што гэта палітвязні. Гатовыя правесці працу над выбарчым заканадаўствам, гатовыя выканаць некаторыя патрабаванні Рады Еўропы, але ўсё гэта робіцца ў такой форме, якая выдае праўдзівыя намеры беларускага боку: прызнанне адыёзнага недэмакратычнага рэжыму. Напрыклад, беларускі бок заяўляе, што працу па змене заканадаўства будзе курыраваць Лідзія Ярмошына, якая ў выніку сваёй "дзейнасці" апынулася ў міжнародным спісе невыязных. Зноў выцягваюцца старыя прапановы аб увядзенні пасады амбудсмена і аб магчымай забароне пакарання смерцю. Гэтыя крокі абмяркоўваюцца ўжо цягам шматлікіх гадоў – нічога новага няма, але затое патрабаванні беларускага боку дастаткова красамоўныя. Па-першае, гэта невыключэнне Беларусі з Абагульненай сістэмы прэферэнцый. Афіцыйны Менск хоча, каб гэтае рашэнне адбылося неўзабаве, хоць нічога не робіцца для аднаўлення правоў прафсаюзаў. Акрамя таго, патрабуюць ліквідацыі спісу невыязных асоб, і самае галоўнае – адмены ўсіх мер, якія тычацца замарожвання актываў гэтых асоб за мяжой. Значыць, гэтая мера сапраўды эфектыўная. Патрабуюць ад Еўразвяза змянення рыторыкі, каб не звалі чорнае чорным, а звалі чорнае белым.
Значным крокам насустрач Еўразвязу падаецца згода на адкрыццё ў Менску прадстаўніцтва дэлегацыі Еўракамісіі. Хоць для такіх дзеянняў не патрабуецца згода або нязгода боку, бо, калі існуюць дыпламатычныя стасункі паміж Еўразвязам і Беларуссю і ёсць прадстаўнік Беларусі пры Еўракамісіі, то такія стасункі заўсёды развіваюцца на абсалютна пэўнай, двухбаковай аснове. І калі Еўракамісія прымае рашэнне накіраваць сваю дэлегацыю, то бок, які прымае, можа толькі спрыяць яе з`яўленню ў краіне, а не адмаўляцца прымаць гэтую дэлегацыю.
Па гэтых "пакетных прапановах" адбыліся дастаткова сур`ёзныя абмеркаванні з прадстаўнікамі Еўракамісіі, з прадстаўнікамі офіса Саланы, але пакуль еўрапейцы не бачаць ніякіх рэальных дзеянняў з боку Менска, бо яны навучаныя доўгімі гадамі падману, які ішоў за ўсімі прапановамі, і не вераць тым словам пра жаданне палепшыць стасункі, якія сёння час ад часу гучаць з Менска. Тым не менш, яны будуць гатовыя адзначаць і ўспрымаць любыя пэўныя крокі, і, безумоўна, чакаюць найперш вызвалення абсалютна ўсіх палітвязняў. Гэтаму пытанню надаецца вялікае значэнне. Я звяртаў увагу еўрапейскіх экспертаў на тое, што па пытанні аб палітвязнях ні ў якім разе нельга дапушчаць сітуацыю гандлю. Умова вызвалення ўсіх вязняў сумлення і спынення рэпрэсій павінна быць безумоўнай. У гэтым пытанні, на мой погляд, у еўрапейцаў ёсць поўнае разуменне.
У цэлым, яны пакуль не бачаць гатоўнасці рэжыму ісці на адкрытую гутарку і не бачаць афіцыйных прадстаўнікоў, якія б адказвалі за свае словы і дзеянні: напрыклад, пасля запэўненняў вышэйшага супрацоўніка пра тое, што разгону дэманстрацыі не будзе, супраць удзельнікаў мірнай акцыі ўжываецца сіла. Такія "расколіны" ў рэжыме ўжо бачныя, але яны пакуль не даюць выхаду на канструктыўнае ўзаемадзеянне. Дарэчы, і сам "пакет" беларускіх улад не ўспрымаецца як аснова для прасоўвання наперад.
– Ці казалі Вы пра неабходнасць дыялогу ў краіне – паміж беларускай уладай і апазіцыяй?
– Гэтая тэма ўвесь час абмяркоўвалася з еўрапейцамі і амерыканцамі. Вельмі вялікая цікавасць да яе. Прапанова дыялогу адкрывае іншыя магчымасці. Ёсць разуменне, што дыялог сапраўды павінен адбыцца ў краіне, бо пры ўсялякіх магчымых сепаратных пагадненнях сітуацыя ў Беларусі не зменіцца ў лепшы бок. Ёсць разуменне таго, што гэта быў бы найбольш эфектыўны шлях, калі апазіцыя і ўлада прыйшлі б да згоды па ключавых пытаннях і кроках, якія маглі б вывесці з тупіку беларускую сітуацыю. Але я падкрэсліваю – ёсць разуменне гэтага, але ёсць і іншыя тэндэнцыі. На жаль, апошнім часам актыўным лабістам прамых кантактаў з беларускім рэжымам выступае кіраўніцтва Літоўскай Рэспублікі.
Ёсць і жаданне "сяброў" рэжыму дапамагчы гэтаму рэжыму застацца такім, які ён ёсць. Гэта значыць, тут прысутнічаюць бізнэс-інтарэсы, і некаторым дзялкам напляваць, што парушаюцца правы чалавека. Гэтыя людзі здольныя даволі цынічна весці ў Беларусі бізнэс, няхай у кароткі перыяд, але з выгадай для сябе. Але такія дзеянні, безумоўна, шкодзяць беларускаму народу, а таксама шкодзяць тым кампаніям, і тым асобам, якія займаюцца гэтым, бо, як мы ведаем, пасля дэмантажу дыктатарскіх рэжымаў, як правіла, гэтыя кампаніі падвяргаюцца судовым пераследам і губляюць нашмат больш, чым яны зарабілі ў выніку закулісных пагадненняў. Шматлікія бізнэсмэны губляюць і на тым, што спадзяюцца на выкананне дыктатарскімі рэжымамі сваіх абяцанняў. Але шматлікія фірмы, якія спрабавалі арганізаваць бізнэс у Беларусі, апынуліся ля пабітага карыта.
Мае суразмоўцы адзначалі навізну пастаноўкі пытання аб дыялогу. Гэта значыць, яны сапраўды ўбачылі, што гэта якасна новы ўзровень дыскусіі аб развіцці Беларусі. І убачылі адразу ж, што гаворка ідзе пра дэмантаж дыктатарскага рэжыму, у якім не гаворыцца пра неадкладную адстаўку кіраўніцтва гэтага рэжыму. Іншымі словамі, стратэгія дыялогу дазваляе шмат каму з кіраўніцтва рэспублікі ўзяць удзел у дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі.
І гэта сапраўды цікавіць як еўрапейцаў, так і амерыканцаў. Да таго ж гатоўнасць Еўропы дапамагчы менавіта ў такім развіцці Беларусі, прысутнічае. Гатоўнасць дапамагчы наладзіць нармальныя стасункі з Еўропай пасля пачатку трансфармацыі ў Беларусі. Безумоўна, тут ключавую ролю іграюць менавіта дэмакратычныя сілы, бо менавіта яны здольныя сказаць, адбываецца нешта рэальнае ці не, і дэмакратычныя сілы здольныя ацаніць перспектывы трансфармацыі, і здольныя папярэдзіць Еўропу аб небяспецы нейкіх сепаратных здзелак.
– Як Захад ацэньвае дзеянні беларускай апазіцыі ў дадзены момант, у прыватнасці, правядзенне Кангрэса дэмсілаў?
– Безумоўна, задаваліся пытанні і па кангрэсе, які мае быць. Але большасць сур`ёзных спецыялістаў не разумеюць, для чаго патрэбныя гэтыя кангрэсы на дадзеным этапе, якая мэта, для чаго трэба перафарматаваць тую кааліцыю, якая ўжо склалася. У цэлым, палітычныя партыі і Мілінкевіч як лідэр не зусім апраўдалі чаканні. Быў перыяд незразумелай пасіўнасці. Гэтая пасіўнасць кантраставала з даволі вялікай колькасцю людзей, якія выйшлі на вуліцы і 25 сакавіка, і 26 красавіка. Гэтыя акцыі былі заўважаныя ў свеце, і відаць, што патэнцыял людзей, якія гатовыя актыўна ўдзельнічаць у пераменах, вырас. А тыя лідэры, якія бралі на сябе адказнасць за рэалізацыю гэтага патэнцыялу, чамусьці апынуліся не гатовымі да гэтай ролі. І, магчыма, з гэтым звязанае неразуменне мэт кангрэса.
Нельга не адзначыць, што сама ідэя дыялогу паміж уладай і апазіцыяй абсалютна не аформленая ў Беларусі. Гэта значыць, пасля крокаў Аляксандра Мілінкевіча, пасля крокаў аргкамітэта па правядзенні 25 сакавіка міжнародныя гульцы чакалі больш асэнсаваных рухаў у гэтым кірунку, але дзесьці былі расчараваныя, бо гэта не было аформленае як сур’ёзны падыход. Хоць масавасць акцыі 25 сакавіка паказала, што значная частка беларусаў зацікаўлена паставілася да тэмы дыялогу. Паказала гэта і зваротная сувязь, што з’явілася з афіцыйных колаў Беларусі. Еўрапейцы таксама ў сваіх гутарках з афіцыйнымі асобамі ўбачылі зацікаўленасць беларускай наменклатуры ва ўдзеле ў такім дыялогу.
– Гэта значыць, цікавасць да Беларусі па-ранейшаму захоўваецца?
– Думаю, што так. Да таго ж змяненне эканамічных умоў для Беларусі, спробы Беларусі вырашыць праблему аднабаковай энергетычнай залежнасці не застаюцца непрыкметнымі. Праўда, спробы беларускіх улад пераканаць Еўропу падтрымаць дыктатарскі рэжым нібыта для супрацьстаяння агрэсіўнай нафтагазавай палітыцы Расеі, сур’ёзна не ўспрымаюцца. Ніхто ў здаровым розуме ў Еўропе не стане выкарыстоўваць дыктатуру для ўзмацнення канфрантацыі, а вось рэальныя трансфармацыі прыцягнуць увагу еўрапейцаў, бо адкрыюць магчымасці для паляпшэння сітуацыі ў рэгіёне, у тым ліку і для развязання праблем з Расеяй.
|