Акцыі салідарнасьці адбыліся ў Полацку і Маладэчна

17.05.2007

Дзень салідарнасьці адзначаны ў Полацку. Увечары мясцовыя маладафронтаўцы зладзілі пікет ля помніка сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Удзельнікі пікету, а ўсяго ў акцыі бралі ўдзел дзесяць чалавек, трымалі запаленыя сьвечкі і партрэты зьніклых палітыкаў. Неўзабаве да помніка падышлі два міліцыянты. Яны спраўдзілі дакумэнты ў некалькіх удзельнікаў акцыі, распыталі пра мэты пікету. Гэтым разам абышлося без затрыманьняў.

 

16 траўня моладзь Маладэчна адзначыла ужо які раз Дзень Салідарнасьці. Каля 14 чалавек падышлі да камяню «Пакутнікам за Волю і Незалежнасьць Беларусі» і запалілі сьвечкі у знак салідарнасьці з беларускімі палітвязнямі, сем'ямі зніклых, рэпрэсаванымі і тымі, хто змагаецца за свабоду.

Удзельнікі прачыталі малітву «Ойча наш» і прасьпявалі «Магутны Божа», а таксама узгадалі верш Я.Купалы «Не загаснуць зоркі у небе». Акцыя прыцягнула ўвагу мінакоў, ды доўжылася каля 30 хвілін.