Як і заўсёды 16-га а восьмай гадзіне вечара на цэнтральнай плошчы Салігорска стаялі людзі з партрэтамі палітвязьняў і зьніклых палітыкаў. Адзінае, што адрозьнівала гэтае «шаснаццатае» ад папярэдніх, гэта праліўны дождж які пачаўся роўна ў 20:00 і скончыўся роўна праз 15 хвілін.
Роўна столькі неабыякавыя салігорцы штомесяц 16-га чысла стаяць на галоўным пляцы гораду на знак салідарнасьці і пратэсту супраць свавольстваў улады. Гэтым разам у салігорцаў была дадатковая матывацыя выйсьці на вуліцу: хваля рэпрэсій пракацілася па Салігорску, а ў адносінах да лідэра Салігорскага МФу Івана Шылы была распачата крымінальная справа па 193 артыкуле КК, які праваабарончымі арганізацыямі прызнаны палітычным. І людзі выйшлі і стаялі ня гледзячы на мацнейшы лівень, ад якога не ўратавалі нават парасоны. Міліцыянты схаваліся пад дахі, а КДБшнікі і ня думалі выходзіць з машынаў. Але ж праз 15 хвілін акцыя скончылася, а разам з ёю і дождж. І на небасьхіле зьявілася вясёлка...
Салігорскі МФ
|