16 траўня ў Вільні ў Доме правоў чалавека адбыўся канцэрт вядомага беларускага барда Зьмітра Бартосіка, які быў прысьвечаны Дню салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і палітвязьняў Беларусі.
Зьміцер Бартосік прэзэнтаваў слухачам свае песьні і палітычныя памфлеты са сваёй дэбютнай кружэлкі «Гандураскі сэрыял». Акрамя таго, падчас канцэрту бард, адказваючы на пытаньні з залі, падзяліўся сваімі уражаньнямі ад «Еўрабачаньня», дадаўшы, што яму вельмі спадабаўся выступ Украіны. «Толькі моцная культура можа дазволіць сабе выступаць на мове вуліцы, то бок на той мове на якой пела Сярдзючка», — заўважыў музыка.
Напрыканцы Зьміцер Бартосік паабяцаў: нягледзячы на тое, што ў апошнія часы «муза пакінула яго, ен не ставіць на сабе крыж» і рыхтуе новы дыск, які плянуецца выдаць у ліпені бягучага года.
Віленскі Дом правоў чалавека ладзіць сустрэчы з грамадзкімі дзеячамі Беларусі пачынаючы з лютага 16-га дня кожнага месяца.
Хартыя`97
|