Праваабаронца Кацярына Садоўская выйшла на волю ўмоўна-датэрмінова — згодна з рашэньнем адміністрацыі жаночай калёніі і пастановай суду. Як і Мікола Статкевіч і Павал Севыярынец, яна мусіць адзначацца ў міліцыі і можа пакідаць межы гораду толькі з дазволу ўчастковага міліцыянта. Кацярына Садоўская адбывала два гады пазбаўленьня волі за абразу Аляксандра Лукашэнкі.
Кацярына Садоўская цяпер дома. Яна адна: мужа за некалькі дзён да яе вызваленьня паклалі ў шпіталь.
Падчас зьняволеньня 60-гадовай жанчыне зрабілі паўторную апэрацыю — выдалілі ракавую пухліну. Кацярыне Садоўскай давялося атрымаць у турме тэлеграму пра сьмерць маці.
Кацярына расказала «Свабодзе», што днямі кіраўніца калёніі выклікала яе да сябе і прапанавала напісаць заяву пра тое, што яна шкадуе пра свой учынак.
Нагадаем: падчас ператрусу супрацоўнікі КДБ знайшлі на яе пісьмовым стале ліст, у якім спадарыня Садоўская называла кіраўніка дзяржавы «монстрам». Гэта палічылі абразай Аляксандра Лукашэнкі.
25 жніўня праваабаронцу зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь, а ад 21 верасьня трымалі ў сьледчым ізалятары.
Адміністрацыя калёніі папрасіла жанчыну напісаць у сваёй заяве, што яна больш ніколі ня будзе абразьліва выказвацца пра кіраўніка дзяржавы і прадстаўнікоў улады. Кацярына зрабіла па-свойму:
«А я напісала, што прызнаю сваю віну ў тым, што скарысталася выказваньнямі Лукашэнкі наконт таго, што яму падабаецца палітыка Гітлера. Наконт таго, што ён кіруе крымінальнымі аўтарытэтамі, калі ён казаў, што яму дакладвалі, што за яго прагаласавала тры тысячы галоваў. Напрыклад, ён казаў: «Вось Шчаўлік не паводзіў сябе як трэба. Дзе цяпер Шчаўлік? Шукайце яго». Я напісала, што ня буду абражаць прэзыдэнта, калі ён ня будзе сам сябе ганьбіць. Кіраўніца калёніі падскочыла, пачала крычаць: «А што такога кепскага ў Гітлеры!? Па крайняй меры ён «пастроіў» усю Эўропу!». Нават яе падначаленыя былі шакаваныя».
Нягледзячы на гэта, адміністрацыя накіравала паперы ў суд, каб Садоўскую выпусьцілі на волю ўмоўна-датэрмінова.
«Было відаць, што ўсё рабілася ў сьпешцы, каб хутчэй мяне выкінуць з калёніі. Яны вельмі хутка падрыхтавалі паперы, і праз два дні мяне адпусьцілі».
Кацярына Садоўская ўпэўненая, што ёй давалі ня ўсе лісты, якія прыходзілі на яе імя.
Яна прыгадала, што 8 сакавіка атрымала пасылку з Польшчы. Пасылку жанчыне паказалі, але аддаць адмовіліся, паабяцаўшы, што дашлюць яе мужу. Урэшце муж-інвалід вымушаны быў ехаць па яе у СІЗА на Валадарскага.
«Усе мае лісты ішлі праз апэратыўную спэцчастку. Кожны ліст рэгістраваўся — калі ён адпраўляўся і, калі я атрымлівала адказ ад мужа».
Кацярына Садоўская ведала пра салідарнасьць зь ёй тысяч людзей. Яна кажа, што для яе гэта было моцнай падтрымкай.
«Я ведала, што за мяне змагаюцца. Мой муж мне пісаў. Я атрымлівала ад яго такія лісты».
Любоў Лунёв
Радыё Свабода
|