|    Справа Дзяніса Дзянісава закрытая. Пра гэта сёньня паведаміў моладзеваму актывісту ягоны адвакат. 
			
					  Супраць Дзяніса Дзянісава і Тацяны Елавой была заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак і супрацьдзейнічаюць уладзе).  
			Паводле гэтага артыкулу Дзянісаву пагражала трохгадовае турэмнае зьняволеньне. Яго затрымалі 16 лютага ў цягніку, які ехаў у Гомель. Спачатку актывіста трымалі ў Гомельскім сьледчым ізалятары, потым перавезьлі ў Віцебскі сьледчы ізалятар №2.  
			Пісьмовага дакумэнту пра спыненьне справы Дзяніс Дзянісаў пакуль ня мае, але спадзяецца атрымаць самымі бліжэйшымі днямі.  
			Крымінальную справу, распачатую супраць Дзяніса Дзянісава і Тацяны Елавой, сьледзтва разглядала больш за паўгода. Падзеі, паводле якіх была заведзеная крымінальная справа, адбыліся ў Віцебску 16–17 чэрвеня мінулага году. Тады ў горадзе быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг, зьявіліся расцяжкі й графіці са словам «Бунт». Цягам амаль васьмі месяцаў сьледзтва высьвятляла, ці мае да гэтага дачыненьне Дзяніс Дзянісаў.  
			Падчас сьледзтва Дзяніс Дзянісаў амаль два месяцы мусіў правесьці пад вартай у віцебскім СІЗА №2. З-пад варты яго адпусьцілі толькі пад грашовы заклад памерам 500 базавых велічынь (15 з паловай мільёнаў рублёў). Гэтыя грошы дзеля ягонага вызваленьня сабрала беларуская грамадзкасьць.  
			Незарэгістраваны праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе таксама аб прыпыненьні крымінальных справаў супраць актывістаў апазыцыі Аляксандра Урыўскага, Аляксандры Ясюк і Натальлі Старасцінай.  
			Дэмакратычная актывістка з Барысава Аляксандра Ясюк была затрымана ўвечары 22 сакавіка. У яе знайшлі налепкі з заклікам удзельнічаць у акцыі 25 сакавіка, што стала падставай для завядзеньня крымінальнай справы. Аляксандр Урыўскі таксама быў затрыманы 22 сакавіка ўвечары. Усе актывісты абвінавачваліся ў «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак або актыўны ўдзел у іх» пад час сьвяткаваньня Дня Волі. 
			  
			
			Радыё Свабода 
			   
			 |