Вынесены прысуд маладафронтаўцам

29.05.2007

Суд Савецкага раёна Менска вынес прысуды актывістам «Маладога Фронту». Змітра Хведарука аштрафавалі на 40 базавых велічынь (1 мільён 240 тысяч беларускіх рублёў — 580 даляраў ЗША), Аляксей Янушэўскі, Барыс Гарэцкі і Алег Корбан аштрафаваныя на 30 базавых велічынь (930 тысяч або 435 даляраў ЗША). Непаўналетняй Насці Палажанцы вынесенае папярэджанне. На свабодзе актывістаў сустрэлі некалькі сотняў чалавек з кветкамі. Людзі скандавалі «Жыве Беларусь!» і апладзіравалі актывістам.

Прысуд выглядае вельмі «мяккім», улічваючы, што дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў аштрафаваць актывістаў «Маладога Фронту» Алега Корбана, Барыса Гарэцкага, Насту Палажанку і Змітра Хведарука на суму ў 500 базавых велічынь (15.500.000 беларускіх рублёў — 7.242 даляраў ЗША) кожнага.

Крымінальная справа супраць Змітра Хведарука, Барыса Гарэцкага, Алега Корбана, Аляксея Янушэўскага і Насты Палажанкі ўзбуджаная за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі па артыкуле 193-1 КК РБ.

Нагадаем, што лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч раней быў прысуджаны да 1,5 гадоў пазбаўлення свабоды ў калоніі агульнага рэжыму.