4 чэрвеня палітвязьню Артуру Фінькевічу адмовілі ў датэрміновым вызваленьні. Хлопцу проста далі расьпісацца пад вынікамі праверачнай камісіі, якая адбывалася 14 сакавіка сёлета. У дакумэнце гаворыцца, што да Артура Фінькевіча, як злоснага парушальніка унутранага парадку камэндатуры, ня можа быць прымененае ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ці замена пакараньня на больш мяккае. 
					У траўні 2006 году Артур Фінькевіч быў асуджаны да двух гадоў абмежаваньня волі за нанясеньня графіці. Зь лета таго ж году ён адбывае пакараньне ў магілёўскай спэцкамэндатуры. На сёньняшні дзень Артур мае тры папярэджаньні ад адміністрацыі камэндатуры. Калі атрымае яшчэ адно, то яго могуць пасадзіць у турму. 
					Фінькевіч у сваю чаргу кажа: «Калі будзе прынятае нейкае палітычнае рашэньне пра маё вызваленьне, то ўсе гэтыя папярэджаньні можна скасаваць цягам пяці хвілін». 
					Тэрмін пакараньня Артура Фінькевіча канчаецца ў сьнежні сёлета. 
					  
					Зьміцер Панкавец 
Наша	ніва				 
					  
					 
                     
					 |