Адрыян Сэвэрын выступіў з дакладам па сытуацыі ў Беларусі

12.06.2007

Сёньня на сэсіі Рады ААН у правах чалавека, якая працягвае працу ў Жэнэве, выступіў спэцдакладчык ААН па Беларусі Адрыян Сэвэрын. Ён заявіў, што ў 2006 годзе сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршалася, працягваўся ціск на грамадзянскую супольнасьць і апазыцыю.

Адрыян Сэвэрын заявіў, што цягам трох гадоў беларускія ўлады адмаўляліся ад супрацоўніцтва зь ім. Усе спробы канструктыўнага дыялёгу з афіцыйным Менскам выніку не прынесьлі.

«Урад Беларусі, на жаль, працягвае ігнараваць рэкамэндацыі, зробленыя на іншых паседжаньнях», — сказаў Адрыян Сэвэрын.

Паводле спадара Сэвэрына, усе гэтыя рэкамэндацыі застаюцца актуальнымі й беларускі бок мусіць іх выканаць.

Адрыян Сэвэрын заклікаў Раду працягнуць ягоны мандат спэцдакладчыка, што было б добрым знакам падтрымкі й салідарнасьці з усімі абаронцамі дэмакратыі ў Беларусі.

Сталы прадстаўнік Беларусі ў структурах ААН Сяргей Алейнік зьвінаваціў дакладчыка ў скажэньнях фактаў і фальсыфікацыях:

«Спэцдакладчык злоўжывае праваабарончым мандатам, скарыстоўваючы яго для прасоўваньня палітычнай мадэлі ўмяшаньня ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы. Пра гэта красамоўна сьведчаць яго рэкамэндацыі».

Паводле спадара Алейніка, Адрыян Сэвэрын спрабуе прысабечыць функцыі Рады бясьпекі ААН, заклікаючы краіны абмежаваць гандлёвыя стасункі зь Беларусьсю.

Сяргей Алейнік заклікаў сяброў Рады скасаваць мандат спэцдакладчыка, які, ён мяркуе, сябе скампрамэтаваў:

«Мы можам раз і назаўсёды адысьці ад беспэрспэктыўнай канфрантацыі, пабудаваць новую ўнівэрсальную сыстэму ацэнкі сытуацыі з правамі чалавека. Сыстэму, у якой ня будзе месца падобным палітычна матываваным краінавым мандатам».

Процілеглай думкі трымаюцца беларускія праваабаронцы.

У паседжаньні жэнэўскай сэсіі бярэ ўдзел праваабаронца Алесь Бяляцкі. Адносна зьместу дакладу спадара Сэвэрына ён сказаў:

«Даклад дастаткова поўны. Ён дастаткова аб’ектыўны і ня мае якіх-небудзь памылак ці памылковых фактаў. Ён пабудаваны на канкрэтных фактах, супраць якіх вельмі цяжка пярэчыць».

Старшыня закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі і сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі мяркуюць сустрэцца сёньня ў Жэнэве з Адрыянам Сэвэрынам.

Дарэчы, за скасаваньне мандата спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі Рады ААН па правах чалавека выступіў на сэсіі Рады прадстаўнік Расеі. У абарону афіцыйнага Менску выступілі таксама дэлегацыі Кубы, Карэі, Паўдзёнаафрыканскай рэспублікі, Пакістану, Індыі, Ірану, Вэнэсуэлы, Інданэзіі і Кітаю.

Зь іншага боку за працяг мандата спэцдакладчыка і з заклікам да беларускіх уладаў шчыльна супрацоўнічаць зь ім выступілі прадстаўнікі Злучаных Штатаў, Канады, Нямеччыны, Літвы, Польшчы і Чэхіі.

 

Алесь Дашчынскі
Радыё Свабода